Ужгарад. Сціплая абаяльнасць правінцыі.
Жыццё ў правінцыі мае свае перавагі. У невялічкім горадзе ўсе адзін аднаго ведаюць, калі не асабіста, дык праз агульных знаёмых. Гэта стрымлівае ад неабдуманых учынкаў і паспешлівых высноваў: зробіш якую хібу, і, па хуткім часе, пра яе будуць ведаць усе.
Няспешны рытм жыцця дае мажлівасць пільна ўглядацца ў наваколле і рабіць высновы з пабачанага: нездарма ці не большасць паэтаў, мастакоў і філосафаў паходзяць менавіта з правінцыі.
Пяцізнакавыя нумары гарадскіх тэлефонаў, якія так лёгка запамінаць, улюбёная кавярня, дзе і без падказкі ведаюць, колькі цукру пакласці табе ў каву, вулічны музыка, з якім ты пазнаёміўся літаральна ўчора, але які пры тваім з’яўленні грае тваю ўлюбёную песню…
Закарпацкі Ужгарад, нягледзячы на статус “абласнога цэнтра” – тыповая ўкраінская правінцыя. Сто тысяч насельніцтва, частка якога працуе ў суседніх Славаччыне і Вугоршчыне. Гістарычны цэнтр, які можна абыйсці за дваццаць хвілінаў. Цацачны вакзал, куды меншы, за вакзалы ў некаторых украінскіх райцэнтрах. Затое ў горадзе ёсць ажно тры ўласныя тэлеканалы, пяць музеяў, чатыры мастацкія галерэі, тры кафедральныя саборы (каталіцкі, праваслаўны і вуніяцкі), свой батанічны сад і нават міжнародны аэрапорт.
Практычна ўсе месцічы – паліглоты: у горадзе можна гаварыць украінскай, угорскай, славацкай, русінскай, расейскай і польскай мовамі. Нават тутэйшыя бомжы ведаюць мінімум па дзве-тры мовы.
Жыццё ў закарпацкім Ужгарадзе мае свае асаблівасці. У суботу і нядзелю тут амаль нічога не працуе. Зачынены нават гарадскі рынак, і гэтая акалічнасць выклікае ў гасцей з цэнтральнай Украіны шчырае непаразуменне. «Бог даў выходныя, каб адпачываць!» – тлумачаць мясцовыя жыхары. Працуюць толькі супермаркеты, ды яшчэ кавярні ў цэнтры горада, якія абавязкова варта наведаць.
Ці не большасць наведвальнікаў тых кавярняў ведаюць адзін аднаго – прынамсі, такое складаецца ўражанне. У такіх кавярнях хутка знаёмяцца; жыхары Ужгарада вельмі камунікабельныя і добразычлівыя. А калі ваш новы знаёмы дазнаецца, што вы з Беларусі, дык можа нават узяцца паказаць вам мясцовыя адметнасці.
Толькі, крый Божа, не гаварыце такому знаёмцу, што Ужгарад, маўляў, нейкая правінцыя. «Сталіца ўкраінскага Закарпацця» – на меншае тутэйшыя не згодныя!
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара