Ужупіс



Скульптуры Ісуса Хрыста і мужчынскага палавога органа побач можна пабачыць толькі ў адной з рэспублік Еўропы – Зарэччы, якая складаецца з аднаго квартала Вільні.

Даведка: Зарачанская Рэспубліка — квартал у раёне Ужупіс, жыхары якога абвясцілі незалежнасць у 1997 годзе. Цяпер рэспубліка мае свой сцяг, канстытуцыю, прэзідэнта, урад, міністэрствы ўнутраных і замежных спраў і нават войска, якое налічвае прыблізна 17 жаўнераў. Яны святкуюць Дзень Незалежнасці 1 красавіка, які таксама называецца Днём Ужупіса. Невядома, ці з’яўляецца дзяржаўнасць рэспублікі, якая не прызнаецца ніводным урадам свету, сур’ёзнай, але рашэнне вызначыць Днём Незалежнасці рэспублікі 1 красавіка магло быць невыпадковым.

Шматлікім турыстам, якія наведваюць сталіцу Літвы – Вільню, ужо знаёмае гэта месца. І часам яны зноў накіроўваюцца ў гэтае мястэчка, як і зрабілі мы, каб паглядзець, што ж новага з’явілася ў гэтым невялікім квартале старога горада. Непаразумеласць, здзіўленне, захапленне і замілаванне – розныя чалавечыя пачуцці выклікаюць мастацкія працы і інсталяцыі мясцовай творчай інтэлігенцыі.

У гэтай рэспубліцы, як мы ўзгадвалі раней, ёсць нават свая Канстытуцыя. Яна прадстаўленая на некалькіх мовах, у тым ліку і беларускай, на плітах з люстэркавай паверхняй. У дакуменце ўсяго 38 простых артыкулаў кшталту: чалавек мае права на памылкі; чалавек мае права памерці, але не абавязаны; чалавек мае права нічога не разумець; сабака мае права быць сабакам; чалавек мае права любіць і даглядаць котку; чалавек мае права любіць; чалавек можа быць нялюбым, але гэта не абавязкова. Падсумоўваюцца гэтыя артыкулы заклікам: НЕ ПЕРАМАГАЙ, НЕ АБАРАНЯЙСЯ, НЕ ЗДАВАЙСЯ.

Зарэчча часта параўноўваюць з багемным раёнам у сталіцы Францыі – Манмартрам. У віленскім раёне Ужупіса размешчаныя мастацкія галерэі, майстэрні мастакоў і рамеснікаў, а таксама кавярні.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі