Узмацняецца кантроль за дзейнасцю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў



Са студзеня ў Беларусі ўзмацняецца кантроль за дзейнасцю экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Яны ўсе павінны мець бэйджы і прайсці атэстацыю на пяць гадоў. Пры гэтым займацца экскурсійнай дзейнасцю не дазволяць грамадзянам, якіх між іншага прыцягвалі да адказнасці па палітычных артыкулах. Таксама абяцаюць, што атэставацца будзе магчыма толькі пры пацверджанні ведаў.

Пры ўсёй спрэчнасці – праблемы ў гэтай сферы ёсць і іх трэба выпраўляць, адзначае эксперт турыстычнай галіны Таццяна Хвагіна. Перадусім праблемы з валоданнем інфармацыяй:

Ідуць турыстычныя групы. Хто іх вядзе? Але мы не ведаем гэтых экскурсаводаў. Яны не маюць ніякай акрэдытацыі. Часам экскурсавод блытаецца, штосьці прачытаў і можа быць вывучыў, але не ведае, дзе гэта знаходзіцца. Той, хто прыехаў здалёк, ну вуліцу галоўную пакажа, але ён не дадумаецца, які агромісты патэнцыял побач. Ён робіць памылкі, ён часам робіць антырэкламу, таму што ён не можа тую праграму пабудаваць і выканаць.

Па словах суразмоўцы, у краіне ўжо даўно наспела неабходнасць перавесці экскурсійную справу з аматарства ў прафесійную дзейнасць, сур’ёзную і адказную працу, але без перагібаў, каб не адбіць жаданне ў людзей.

Беларускае Радыё Рацыя