Валета марская
На Мальце ўласнай яхтай ці хаця б маторным чаўном нікога не здзівіць. Астраўная дзяржава, тысячагадовыя марскія традыцыі, прыродная любоў мальтыйцаў да рыбалкі…
У Вялікай Затоцы, што падзяляе Валету надвое, усе гэтыя яхты, матасейлеры, кацеры і катамараны прышвартаваныя ля прычалаў акуратна і шчыльна, бы аўтамабілі ў якім менскім двары.
У будзённыя дні амаль ніхто не выходзіць у мора. А вось на выходныя краявід цешыць вока ветразямі – стракатымі, бы коўдра з абрэзкаў. Яхты ідуць з Вялікай Затокі ў адкрытае мора. Іх густая хада нагадвае нераст рыбы. Іх назовы ўваскрашаюць у памяці прыгодніцкія раманы, чытаныя ў юнацтве: “Уладар акіянаў”, “Джанэт, каралева Мадэйры”, “Човен святога Паўла”, “Джон Сільвер”… Сонца цалуе палубы, ветрык бавіцца такелажам, а на носе стаіць сам гаспадар: круціць галавою ў пошуках знаёмых яхтаўладальнікаў і, відавочна, перажывае, каб яго не абагналі.
Калі вам пашчасціць быць на такой яхце падчас выхаду ў мора – трымайцеся за парэнчы! Яхта набірае хаду, леваруч паволі праплывае шэра-жоўты гмах крыжацкага форта св. Эльма з прышвартаванымі шэра-блакітнымі кацерамі берагавой аховы. І тут яхта знянацку закладае паварот, і вы, страціўшы раўнавагу, скатваецеся па прыступках ўсярэдзіну, балюча стукаецеся галавою аб сцяну і на якую секунду губляеце прытомнасць. Але ж, вядома, знаходзіце моц падняцца на палубу.
Абрысы Валеты за кармою акварэльна размываюцца, бы на пераводнай карцінцы з дзяцінства. Бушпірт упэўнена тараніць салёнае паветра. Гаспадар яхты паглядае на вас спагадліва, нечакна ўсміхаецца і нават прапануе стаць каля штурвала…
У такія моманты міжволі шкадуеш, што Беларусь – не марская краіна.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя