Валыншчына: край бедны і патрыярхальны



У турызме ёсць такі тэрмін – настальгічны тур. Найчасцей такія туры арганізоўваюць грамадзянам Ізраіля, чые продкі паходзяць з усяго свету.

Вось і на Валынь у першую чаргу варта ехаць тым, хто настальгуе па мінулым палескай вёскі. Тут можна ўжывую пабачыць і адчуць пракаветны ўклад жыцця сялянства, якое надзвычай асцярожна ставіцца да дасягненняў цывілізацыі. Як вы перажывяце сутыкненне з архаікай – гэта ўжо іншае пытанне.

Мяжа і страхі

Я думала, што казкі пра бандэраўцаў-рабаўнікоў, што нападаюць на машыны з беларускімі нумарамі, ужо пакрыліся мохам у свядомасці маіх суачыннікаў. Але ж не! Палова знаёмага люду, каму я казала пра планы наведаць Украіну на машыне, чаплялася мне ў рукі і пачынала істэрычна пераконваць, што я збіраюся проста падарыць машыну бандытам. Гісторыя пра двух прадпрымальнікаў, у якіх забралі машыну “на карысць Майдана” пакуль яшчэ жывейшая за ўсіх жывых і не перастае пужаць берасцейцаў.

Ад паездкі мы з мужам не адмовіліся, але да мяжы я пад’язджала ўсё ж не сказаць, каб надта спакойная. Міжволі шукала вачыма ў аўтамабільнай чарзе беларускія нумары. Для маральнай падтрымкі, так бы мовіць: калі іншыя не баяцца, то чаго баяцца мне? Такіх нумароў на пункце пропуску “Макраны-Даманава” было дастаткова шмат, хоць дзень быў будні.

Абмен валют і пакупкі

Наш першы пункт прызначэння – раённы гарадок Ратна, дзе мы збіраемся накупіць у дарогу гародніны і памяняць грошы. На пад’ездзе да горада, заўважаем аглядальную вышку і шэрагам сцягоў, у тым ліку ліку сцягам “Правага сектара”. На два бакі вышкі прымацаваны плакаты з тэкстам “Хуцін пуйло”.

1

 Надпісы, падобныя на гэты, можна сустрэць на Валыні даволі часта

Мы ўжо ведаем, што нават у горадзе рэгіянальнага значэння Ковелі няма сэнсу ісці ў абменнікі, а ў Ратна тым больш накіроўваемся адразу на пошук мянял. Знаходзім такога на аўтавакзале. Даляры прымае па курсе 24 грыўны з хвастом да адзін. Прапануе таксама памяняць нашыя “зайчыкі”. Курс называе 1,4. Мы не адразу разумеем, што гэта значыць, і на зваротнай дарозе падыходзім да мянялы зноў. Аказваецца, за тысячу беларускіх рублёў тут гатовыя прапанаваць 1,4 грыўны. Пазней мясцовыя нам раскажуць, што найлепшы цяпер курс – 1,5, менавіта ў такіх суадносінах мяняюць свой беларускі заробак украінскія гастарбатэры. “Раней 1,6 было, увогуле выгадна мянялі”, – распавядаюць тутэйшыя.

2

Кавуны ў канцы лета – найпапулярнейшы тавар у беларусаў і мясцовых

З такім курсам беларусы і праўда адчуваюць тут сябе досыць камфортна. У той час, як у родным Берасці мы куплялі кавуны па даляры за кіло, памідоры нават даражэй, то тут за даляр можна купіць цэлы кавун і пакет херсонскіх памідораў. Уся сезонная гародніна надзвычай танная, і не дзіўна, што беларусы з памежных гарадоў і вёсак масава ездзяць па яе ў суседнюю Украіну. Нават выдаткі на дарогу не змяняюць агульнай рынкавай карціны.

Праўда, калі я захацела спытаць прадавачку на рынку, што менавіта ахвотна бяруць беларусы, атрымала ў адказ плынь лаянкі. Сэнс зводзіўся да таго, каб я пра беларусаў спытала ў саміх беларусаў.

Акрамя сапсаванага настрою, з Ратна мы ўзялі некалькі дынь, кавун і нож за два даляры, які касіў пад дарагую гандлёвую марку Berghoff.

3

 Заманьванне пакупнікоў па-ратнаўску

Не вёска, але сяло

У спёку, якая пануе падчас нашага падарожжа, нам хочацца толькі аднаго: быць бліжэй да вады. Таму калі надараецца магчымасць праведаць радню і адначасова пакупацца ў вялікім цёплым возеры, мы без лішніх ваганняў адхіляемся ад намечанага раней маршрута. Планавалі ехаць углыб Валынскай вобласці, а накіраваліся здоўж мяжы да вялікага сяла Тур. Вёска размяшчацца на беразе возера, правільную назву якога ведаюць, напэўна, толькі географы. На нашай карце яно было пазначана як Турскае, але турчане адзінадушна называюць яго Святым, распавядаючы пры гэтым папулярную ў славян легенду пра затопленую разам з людзьмі царкву, звон якой можна пачуць ноччу на Вялікдзень. З савецкіх жа часоў цягнецца яшчэ адна назва. “За Саветамі як ты назавеш возера Святым? – распавядае жыхар Тура Віктар. – Яго пераназвалі ў Дружнае. Але так ніхто яго не называў. Возера народнае, і назва засталася народнай”.

4

Возера Турскае, або Святое. Многія прыязджаюць сюды з намётамі на некалькі дзён

Пакупаўшыся ў цёплай вадзе, мы размаўляем за жыццё са сваякамі. Вымалёўваецца тая ж карціна ўкраінскай вёскі, якую добра ведаем з інтэрнэту. Працы ў сёлах няма зусім, але разам з тым людзі масава ў горад не з’язджаюць. Тут жа заводзяць сем’і і круцяцца, стараюцца пражыць на ўласнай гаспадарцы. Мужчыны пры гэтым на сезоны з’язджаюць у заробкі, а калі пашансуе, знаходзяць і пастаянную працу ў Беларусі. Напрыклад, шмат хто з Тура працуе на Хаціслаўскім заводзе будаўнічых матэрыялаў, які належыць беларускаму алігарху Юрыю Чыжу. У гэтым ёсць нейкая іронія лёсу: эколагі прызналі здабычу вапны пад Хаціславам небяспекай нумар адзін для Шацкіх азёр, але адначасова з тым завод дае шмат працоўных месцаў для звычайных украінцаў.

Што недзе на другім канцы краіны ідзе вайна, тут памятаюць добра. За хлопцамі і мужчынамі прызыўнога ўзросту ў дні кірмашоў палююць ваенныя камісары, гэтак жа, як і на мяжы. Па словах сяльчан, у канфлікце на Данбасе вінаватая Расія, але і Амерыка таксама.

Калі я пытаюся дзеля журналісцкай цікавасці пра выпадкі рабаўніцтва беларусаў, з мяне смяюцца: “Што, “Правага сектара” спужаліся?”. Але жарт не разумее адна з украінак, суседка нашых сваякоў: “А што такое “Правы сектар”? – пытае яна. Адразу відаць, расійскае тэлебачанне яна не глядзіць.

4a

Часты пейзаж на валынскіх дарогах

Валынская вёска ўражвае найперш сваёй архаічнасцю і патрыярхальнасцю. Тут па-ранейшаму самі ўсё вырошчваюць і самі пякуць хлеб. Няўмольны ход цывілізацыі значна запавольвае беднасць і прыродная ўпартасць абарыгентаў. Калі хто дае рады купіць трактар, то ад каня не адмовіцца ўсё роўна, таму коні, як і каровы, ёсць амаль у кожным двары. Па шашы, дарэчы, гужавы транспарт даводзіцца абганяць куды часцей за аўтамабільны.

5

Конь – самая паважная персона ў гаспадарцы валынян

5a

А свіння – самая прыбытковая

Зямлі ў кожнага гаспадара мінімум па некалькі гектараў. Пасля натуральнага банкруцтва калгасаў агульную маёмасць падзялілі між сялянамі. Часта маёмасці ніякай на момант падзелу і не заставалася – адна толькі зямля. Мой сваяк, напрыклад, апошнія 10 год працы ў калгасе зусім не атрымліваў наяўных грошай – працаваў толькі за магчымасць карыстацца тэхнікай дзеля ўласнай патрэбы. Цяпер шкадуе: чаму на год 5 раней не пакінуў? Як пачаў працаваць на сябе – вырошчваць бульбу і прадаваць данецкім пасярэднікам – на некалькі год накапіў на трактар. Цяпер, праўда, бульба зноў не ў цане. У Данбас яе не прадасі.

6

Данбаскімі руінамі жартам называюць турчане рэшткі калгасных будынкаў. Будынкі і цэгла з іх таксама дзяліліся пры падзеле калгаснай маёмасці

Шацкія азёры

Спёка працягвае трымацца ў час нашага падарожжа, таму вырашаем рухацца выключна ў бок вадаёмаў. Шацкіх азёр, натуральна.

Наш навігатар падказвае нам шлях праз вёскі, і мы маем магчымасць наглядзецца адначасова і на людзей, і на самі азёры, сама меней пяць з якіх ляжаць на нашым маршруце.

7

 Адзіная непрыемнасць падарожжа, акрамя спёкі, - украінскія дарогі. Ямы ў асфальце аб’ехаць фізічна немагчыма

8

Увагу нязменна прыцягваюць і абярэжныя крыжы на ўездзе ў сёлы. Іх упрыгожваюць, бы нявест

 9

На гэта варта зірнуць бліжэй

Кіруемся на Шацк, і недзе за 20 кіламетраў да гарадка, трапляем на брукаванку няйначай як польскіх часоў. Першапачатковае захапленне змяняецца на раздражненне ўжо праз секунд трыццаць, а пасля знікае і яно. Кавалкамі брукаванку схавалі пад дрэнны асфальт, але і такія кавалкі досыць рэдкія.

Да Шацка даязджаем цалкам змардаваныя, і тут жа шкадуем, што не засталіся ля адносна малалюднага возера Святога. Пачынаючы ад гарадка, уздоўж вёскі Свіцязь і абабал шашы, якая прымыкае да берага аднайменнага возера, яблыку няма дзе ўпасці, не кажучы пра тое, каб паставіць машыну. Возера Свіцязь корміць мясцовы люд, але сам гэты люд не робіць нічога, каб яму дапамагчы. Тут няма ніводнай стаянкі, і ўвогуле з інфрастуктурай усё прыкладна гэтак жа, як было ў Крыме. Пры гэтым месцаў у санаторыях і дамах адпачынку ўсё роўна няма, хоць двухмясцовы нумар у старым савецкім будынку санаторыя каштуе 500 грывен у суткі – 20 даляраў, як на моры.

10

Знакамітае возера Свіцязь. Сапраўды празрыстае

Мы ж, не знайшоўшы начлегу, проста адпачылі ля возера да вечара і накіраваліся дадому. Да дзесяці гадзін вечара ўздоўж дарог стаялі гадляры гароднінай, чым мы і пакарысталіся.

11

Кошык з лазы ўсяго за 2 даляры

12

Прыдарожны гандаль у Шацку

Калі я выбірала памідоры ў аднаго з прадаўцоў, а мой муж спытаў, што яшчэ будзем купляць, гандляр паўжартам адкугнуўся: “А ў вас што, матрыярхат у сям’і?”. – “На кухні так”, – адказала я, разумеючы хваляванне прадстаўніка традыцыйнага грамадства.

Ён адказам застаўся задаволены.

Іна Хоміч, Беларуская Радыё Рацыя