Вандроўка па ваколіцах Бабруйска: Красны Бераг



Палацава-паркавы ансамбль у мястэчку Красны Бераг унікальны для Беларусі, тым што вельмі добра захаваўся.

Па словах дасведчаных людзей рэстаўрацыя самаго палаца вядзецца з розумам і без характэрнага для нашага часу аўрала.

На невялікай па памерах тэрыторыі можна заўважыць разнастайнасць архітэктурных стыляў і на некаторы час адпачыць ад безаблічных пабудоў савецкага і постсавецкага перыяду.

Для гэтага дастаткова набыць квіток на цягнік рэгіянальных ліній ад станцыі Бабруйск (Бярэзіна) да станцыі Красны Бераг. Затым ўздоўж возера рухацца на поўнач.

Што датычыцца назвы населенага пункта “Красны Бераг”, то гэта назва была яшчэ да зараджэння ідэй марксізму-ленінізму. Сінонімам слова “Красны” з’яўляецца слова “Прыгожы”. Бальшавікі ж зрабілі просты пераклад Красны=Чырвоны, так і паўстала назва “Чырвоны Бераг”.

Маёнткі ў мястэчку Красны Бераг існавалі з пачатку ХІХ стагоддзя. У 1815 годзе адным з першых уладальнікаў маёнтка, стаў беларускі памешчык Грыневіч. Род Грыневічаў прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. Пасля падаўлення якого маёнтак Грыневічаў у Красным Беразе перайшой палкоўніку рускай арміі Багародскаму, які ў 1877 годзе (па некаторых звестках у 1867 годзе) прадаў гэты маёнтак (965 дзесяцін зямлі) за 6200 рублёў генерал-лейтэнанту нжынерыі Міхаілу Сямёнавічу Гатоўскаму.

Палац будаваўся з 1890 па 1893 год, аб чым сведчыць дата, выбітая на флюгеры эркернай вежы галоўнага фасада будынка.

Для будаўніцтва палаца быў запрошаны вядомы архітэктар Віктар Аляксандравіч Шротэр (ням. Alexander Gottlieb Schröter (1839–1901)), расіянін нямецкага паходжання з Санкт-Пецярбурга. Спачатку ён скончыў Санкт-Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, затым навучаўся ў Берлінскай акадэміі мастацтваў. Шмат падарожнічаў, вывучаў архітэктуру Германіі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Аўстрыі. На момант пабудовы палаца Шротэр быў ужо даволі вядомым і папулярным архітэктарам.

Яго стыль, так званы цагляны, распаўсюджаны ў рацыянальнай архітэктуры Расіі апошняй трэці ХІХ ст. Просты і практычны сродак аздаблення фасадаў прыйшоў на змену недаўгавечнай тынкоўцы. Пры ўзвядзенні будынка муроўка пакідалася неатынкаванай альбо абліцоўвалася якаснай цэглай, а выкарыстанне паліхромнай цэглы і прыроднага каменя ўзбагачала мастацкія якасці архітэктуры.

Шротар першым ў Расійскай імперый стаў абліцоўваць фасады без тынкоўкі – абпаленай ў моцным агні цэглай і натуральным каменем.

Архітэктура Сядзібнага дома канца ХІХ стагоддзя спалучае архітэктурныя прыёмы дзесяці розных стыляў: ракако, маньерызм, ампір, французскі класіцызм. Тут былі гатычныя, рэнесансныя, раманскія залы і нават памяшканні ў арабскім стылі. Як кажуць знаўцы архітэктуры, вонкава ён аддалена нагадвае некаторыя замкі і палацы Баварыі.

У 1898 годзе Гатоўскі дорыць маёнтак сваёй дачце Марыі ў якасці пасагу да вяселля. Яе муж Вікенцій Альфонсавіч Козел-Паклеўскі стаў новым ўладальнікам маёнтка.

Род Козел-Паклеўскіх дасткова вядомы ў Вялікім княстве Літоўскім. Па адной з версій (на мой погляд больш падобнай на праўду). У 1415 годзе заснавальнік роду Козел выконваў пры вялікім князі Вітаўце дыпламатычныя даручэнні. То бок быў паслом Вялікага князя ў г. Вісліца (Польшча) У далейшым яго нашчадкі займалі самыя высокія дзяржаўныя пасады. Так у 1504 годзе ўзгадваюцца браты Ян і Мікалай Козлы, ложнічыя караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Аляксандра.

Па іншай версіі (на мой погляд меньш падобнай на праўду) пачынальнікам Козел-Паклеўскіх з’яўляўся нейкі рускі дваранін Пётр Казлоў, які разам з Андрэем Курбским, падчас Лівонскай вайны перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і атрымаў за гэта ад караля Жыгімонта-Аўгуста маёнтак Паклева.

Як бы там не было гэтыя выхадцы з беларускага Прыдняпроўя валодалі ўласнасцю ў многіх паветах Вялікага княства. Напачатку ХVІІ стагоддзя ад назвы аднаго з маёнткаў – Паклева – у Ашмянскім павеце яны сталі звацца Казёл-Паклеўскімі.

Адна з галін Козел-Паклеўскіх асела ў Быкаўшчыне (Лепельскі раён), другая – у Сэрвічах, што на Вілейшчыне.

Пазделы Рэчы Паспалітай абедзве сямейныя галіны Козел-Паклеўскіх успрынялі па рознаму. Прадстаўнікі Вілейскай галіны сталі актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1830 – 1831, 1863 – 1864 гадоў.

У студзені 1863 года пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое падтрымала амаль уся шляхта Вялейшчыны. Вялейскі аддзел паўстання ўзначаліў нашчадак старажытнага шляхецкага рода, Вінцэнт Козел-Паклеўскі з Сэрвачы. Ягоны брат, Ян, быў бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

Нягледзячы на тое, што сваякі стаялі па розныя бакі барыкад, першыя Паклеўскія не адракліся ад другіх і дапамагалі ім, калі тых саслалі за ўдзел у паўстанні.

Бацька будучага ўладальніка маёнтка ў Красным Беразе Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі нарадзіўся ў 1809 годзе ў маёнтку Быкоўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні. Сын Тамаша і Ганны Козел-Паклеўскіх скончыў школу дамініканцаў ва Ушачах і калегіум у Полацку, вучыўся ў Віленскім універсітэце. Далей ў паслужным спісе — дзяржаўная служба ў Санкт-Пецярбургу, Астрахані, Томскай губерніі. У 1836 годзе ён быў прыняты ў штат генерал-губернатара Заходняй Сібіры, а ў 1843-м Альфонс Козел-Паклеўскі быў прызначаны чыноўнікам па спецыяльных даручэннях пры генерал-губернатары Заходняй Сібіры Гарчакове.

Паралельна ён пачаў займацца камерцыйнымі справамі. Альфонса Козел-Паклеўскага можна назваць “гарэлачным каралём” Сібіры і Урала другой паловы ХІХ стагодзя. Напярэдадні 1917 года ўральскія заводы Козел-Паклеўскіх выраблялі 1/5 частку ўсяго спірту Расіі. Паступова Альфонсу сталі належаць прадпрыемствы па перапрацоўцы жалеза, чыгуну, стэарыну, шкляныя прадпрыемствы, а таксама залатыя, азбеставыя, срэбныя, медныя, жалезныя руднікі, капальні смарагдаў і александрытаў, ён з’яўляўся найбуйнейшым землеўладальнікам Сібіры і заставальнікам параходства на Урале.

Альфонс Фаміч паслужыў пісьменніку Маміну-Сібіраку прататыпам для некаторых герояў: Ляхоўскага ў рамане “Прывалаўскія мільёны” і Майстаброўскага — у рамане “Хлеб”. Апошні паказаны не толькі як буйны камерсант, але і як інтэлігент, арыстакрат, выдатны сем’янін і гуманны чалавек.

У 1850 годзе Альфонс Фаміч Козел-Паклеўскі ажаніўся на дваццацігадовай ліцвінцы Анжаліне Іосіфаўне Рымша. Якая нарадзіла мілянеру пяцярых дзяцей. Старэйшы з іх, Вікенцій, стаў асноўным нашчадкам не толькі багацця паспяховага бацькі-прадпрымальніка, але дзякуючы шлюбу, маёнтка ў Красным Беразе, пра які і ідзе размова.

Узначаліўшы справы бацькі пасля яго смерці, Вікенцій не забыўся пра гістарычную радзіму, дзе яму належалі дрожджа-броварны завод у Бабруйску і маслабойны завод у Мінску. Сям’я Вікенція і Марыі Козел-Паклеўскіх жыла ў Санкт-Пецярбургу, а ў Красны Бераг яны прязджалі летам на адпачынак.

Палац у 1914 годзе

Савецкая ўлада не паспела знішчыць сям’ю Вікенція Альфонсавіча Козел-Паклеўскага. У 1919 гадзе яны эмігравалі ў Варшаву. На Паванзонскіх могілках апошні ўладальнік маёнтка у Красным Беразе пахаваны разам з жонкай Марыяй. Адзін з іх сыноў – Альфонс – эміграваў у Англію, яго нашчадкі жывуць цяпер у Ірландыі. А вось польская лінія прамых нашчадкаў Вікенція і Марыі Казел-Поклеўскіх спынілася.

У жніўні 1920 года Народны камісарыят земляробства пастанавіў зрабіць на базе панскага маёнтка Чырвоны Бераг Бабруйскага павета ніжэйшае сельгасвучылішча І ступені, у якое пераехалі вучні з Азарыцкай і Бабруйскай сельскагаспадарчых школ. У сувязі з гэтым быў праведзены бягучы рамонт: у палацы адрамантаваны мармуровы камін, печы, вокны, дзверы, падлога.

Працы па рэканструкцыі палаца ў Красным Беразе былі распачаты ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзя, але праца ішла марудна вельмі часта спынялася. У 2003 годзе у Красны Бераг выпадкова завітаў тагачасны старшыня КДК РБ Анатоль Тозік разам з жонкай. Яму вельмі не спадабаўся палац у стане “запусьценьня”. Лёс палацу быў вырашаны, і ўжо хутка аднавіліся актыўныя працы па аднаўленьню былога выгляду палацу.

babruisk.by