Вандроўка „Спадчына Вялікага княства ва Украіне”



8-10 сакавіка адбудзецца вандроўка „Спадчына Вялікага княства ва Украіне” з гісторыкам і экскурсаводам Паўлам Каралёвым.

Маршрут:  Луцк – Алыка – Дубна  – Крамянец  – Пачаева – Межырыч – Астрог.

Вандроўнікі наведаюць уладанні князёў ВКЛ:

— два ўладанні самога Вітаўта Вялікага – Луцк і Крамянец;

— два замкі з музеямі князя Канстанціна Астрожскага –  Астрог і Дубна, а таксама манастыр у Межырычы, заснаваны Астрожскім;

— адзіную на тэрыторыі сучаснай Украіны Радзівілаўскую ардынацыю у ВКЛ – Алыку, з палацам Радзівілаў;

— знакамітую Пачаеўскую Лаўру.

Падчас вандроўкі плануецца канцэрт старадаўняй музыкі ВКЛ ды іншых беларускі спеваў, а таксама беларускіх перакладаў песняў народаў свету пад гуслі ў выкананні дуэта Алеся Чумакова (Стары Ольса) і Таццяны Ячнай (Апошні Шылінг).

Пра маршрут:

Луцк валодае цэлай палітрай велічных і разнастайных помнікаў, сярод якіх: Верхні замак (13-16 ст.), рэшткі сцен Ніжняга замка (14-17 ст.), Пакроўская і Крыжаўзвіжанская цэрквы, езуіцкі калегіум, Троіцкі сабор (1754) і інш. У адной з вежаў замка размясціўся незвычайны музей званоў. Менавіта ў Луцку князь Вітаўт даваў шчодрыя банкеты ў гонар еўрапейскіх манархаў, спадзяваўся стаць каралём Вялікага княства Літоўскага. Але кароны князь так і не дачакаўся.

Алыка сустрэне знакамітым замкам Радзівілаў (17-18 ст.). Вандроўнікі даведаюцца, як уладальнікі замка звязаныя з амерыканскім родам Кенэдзі і непасрэдна з вядомым амерыканскім прэзідэнтам. Пабачаць і знакаміты касцёл святой Троіцы – адзін з першых барочных храмаў Украіны, пабудаваны па ўзоры вядомай езуіцкай базілікі Іль Джэзу (Рым). Пад храмам ёсць крыпта, дзе хавалі мясцовых магнатаў Радзівілаў.

Дубна здзівіць замкам князёў Астрожскіх, які пабудаваў  князь Канстанцін Іванавіч. Магдэбургскія правы гораду надаў кароль Жыгімонт. У горадзе ёсць незвычайная царква Пакрова прасвятой Багародзіцы. А на вуліцах горада можна сустрэць помнік жабе з надпісам „Хто мяне не мае, таго я не задушу”.

Краменец вядомы сваім замкам, які адыгрываў важную ролю ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Першапачаткова закладаў замак сам князь Вітаўт. Затым  ён належаў вялікаму князю Жыгімонту, пасля каралеве Боне Сфорцы. Ёсць звесткі, што ў горадзе працаваў Францыск Скарына. Тут захаваліся выдатныя помнікі архітэктуры: Богаяўленскі і Мікалаеўскі саборы, езуіцкі калегіум. З Крамянца родам адзін з самых шанаваных польскіх пісьменнікаў Юліюш Славацкі.

Вандроўнікі наведаюць знакаміты Пачаеўскі Успенскі мужчынскі манастыр – адзін з самых буйных храмавых комплексаў ва Украіне, вядомы сваім цудатворным абразом. Гэтае святое месца мае статус лаўры з-за свайго асабліва важнага гістарычнага і духоўнага значэння. Асаблівае ўражанне складаюць храмы манастыра (18 ст.) – украінскае барока.

Астрог – вядомы цэнтр роду Астрожскіх. Знакамітай за часамі Вялікага княства Літоўскага была Астрожская Акадэмія. Тут працаваў Іван Фёдараў, які за няпоўныя чатыры гады (1578-1581) выпусціў 5 выданняў, сярод якіх знакамітую Астрожскую Біблію. Вандроўнікі ўбачаць велічны замак знакамітага роду. А непадалёк ад Астрогу ў Межырычы захаваўся праваслаўны манастыр, заснаваны князямі Астрожскімі.

У Астрозе можна паўдзельнічаць у фэсце Каладзій – украінскай Масленіцы, у праграму якой будзе ўключаны і канцэрт беларускіх выканаўцаў у замку Астрожскіх.

 

Кошт вандроўкі (з 2-ма начаваннямі і адным начным пераездам назад): 120$ + 25 бел. руб.

Запіс на вандроўку праз гугл-форму:

https://docs.google.com/forms/d/16kOzMn8vg6-o97iH6GeX35bqx_Ni_a5DHeLJt5NH9rA/

Уся дадатковая інфармацыя: 8-025-5458430 (viber),  8-044-5386283 (Валерыя), а таксама праз е-mail: [email protected]

Паводле прэс-рэлізу