Ваўкалата – малая радзіма Паўла Карузы
110 гадоў таму ў вёсцы Ваўкалата, што ў Докшыцкім раёне, нарадзіўся Павел Каруза. Для беларусаў гэта была значная асоба. Фалькларыст, этнамузыколаг, кампазітар, грамадска-палітычны дзеяч, у 1927 годзе – старшыня Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Цяпер на малой радзіме, у Ваўкалаце, Паўла Карузу амаль ужо ніхто не памятае, там толькі даглядаюць за магіламі яго родных. А вось унучатая пляменніца Аліна Рачыцкая ўзгадвае пра яго.
– Павел быў пакараны за палітыку на 25 гадоў і быў сасланы ў Краснаярск. За нейкую Беларусь змагаўся. А за якую – я не ведаю.
Ён добра граў, меў музычную адукацыю. Прыгожа спяваў.
Пасля вайны, напэўна, у 1948 годзе, прыйшла да нас паштоўка з Краснаярска, у якой ён пытаўся, ці ёсць хто жывы пасля вайны ў Ваўкалаце, ці жывая яго радня, бо ён хацеў бы прыехаць. І мы тады адпісалі, каб ён прыязджаў. Неўзабаве ён прыехаў з жонкай і дзяўчынкай. У нас тут клуб быў, і Павел Каруза са сваёй жонкай бралі ўдзел у канцэртах, граў на піяніна, спяваў.
Павел Каруза падрыхтаваў да выдання музычныя запісы беларускага фальклору Антона Грыневіча. Напісаў “Камеpную сімфонію”, песні на тэксты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ніла Гілевіча, Ларысы Геніюш, Максіма Багдановіча ды іншых беларускіх паэтаў. Працаваў кампазітарам у Дзяржаўным ансамблі польскай песні і танца Літвы. Супрацоўнічаў з фалькларыстамі Акадэміі навук Беларусі, друкаваўся ў часопісе “Мастацтва Беларусі”, газеце “Літаратура і мастацтва”.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі