«Ведаеш, мама, дзе я быў?»
Так называецца анімацыйны фільм Левана Габрыадзэ па аповедах яго бацькі – заснавальніка знакамітага тэатра марыянетак у Тбілісі Рэзо Габрыадзэ. На жаль, вядомага драматурга і рэжысёра няма ўжо больш за паўтары гады, але справа яго жыве і развіваецца.

І, сапраўды, калі трапляеш у гэты тэатр на спектакль, пасля яго столькі розных станоўчых пачуццяў і перажыванняў, што будзе аб чым распавесці сваёй маці, і не толькі ёй, дзе ты быў і што бачыў, як дзецям, так і дарослым. І хоць, можа, не кожны малады чалавек зараз зразумее жарты Рэзо Габрэадзэ савецкіх часоў, але дакладна застанецца ў захапленні ад лялек-марыянетак, экспазіцыі, зладжанай працы акцёраў і крэатыўных пастановак.

Тбіліскі тэатр марыянетак Рэзо Габрыадзэ заснаваў у 1981 годзе. Ён месціцца ў Старым горадзе на вуліцы Шаўтэлі і разлічаны ўсяго на 80 глядзельных месцаў. Будучы рэжысёрам, драматургам, мастаком і скульптарам, вядомы грузін сам пісаў п’есы, ствараў лялек і ажыўляў іх на сцэне свайго тэатра.
У праграме тэатра Габрыадзэ пяць спектакляў: „Восень маёй вясны”, „Сталінград”, „Рамона”, „Дыяменты маршала дэ Фанцье” і „Альфрэд і Віялета”.

Гісторыя тэатра Габрыадзэ пачалася менавіта са спектакля „Альфрэд і Віялета”, у якім Рэзо Габрыадзэ прадставіў зусім новае мастацкае рашэнне вечнай гісторыі кахання, вядомай усім па рамане Аляксандра Дзюма-сына „Дама з камеліямі” і оперы Джузэпе Вердзі „Травіята”.
Пасля Рэзо Габрыадзэ поўнасцю перапісаў п’есу, дадаў новыя абставіны і герояў, стварыў эскізы персанажаў і дэкарацый. Гісторыя Альфрэда і Віялеты адбываецца ўжо на фоне драматычных падзей Тбілісі 90-х гадоў, і іх каханню трэба будзе пераадолець мноства перашкод.

Гісторыю ўсіх пастановак, вядома, мы не будзем апісваць, але адзначым, што яны на грузінскай і расейскай мовах (па-расейску трэба слухаць у навушніках) з ангельскімі субтытрамі.
Проста раім, калі вы будзеце ў сталіцы Грузіі, наведаць гэты цудоўны тэатр, які ўражвае ўжо сваёй архітэктурай на самым падыходзе. Тут шмат зроблена рукамі самога майстра Рэзо Габрыадзэ, бо ён быў яшчэ вядомым скульптарам.

На галоўным будынку тэатра ў выглядзе пізанскай вежы вы зможаце пабачыць кафлю, распісаную Рэзо Габрыадзэ, а таксама самы маленькі дзеючы гадзіннік у свеце, убудаваны ў сцяну тэатра. А наверсе на фігурным франтоне залатымі літарамі на лацінскай мове напісаны дэвіз Габрыадзэ – Extra Cepam Nihil Cogito Nos Lacrimare – „Няхай слёзы ў нас будуць толькі ад рэзкі цыбулі”.


























Беларускае Радыё Рацыя
