Веламаршруты па месцах караля Міндоўга і Адама Міцкевіча
Для велатурыстаў у Наваградскім раёне ствараюць маршруты па месцах караля Міндоўга і паэта Адама Міцкевіча. Пра гэта БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні ГА „Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз” Сяргей Каляда.
Чатыры новыя веламаршруты з’явяцца ў Наваградскім раёне. Кожны будзе тэматычным і пройдзе па самых важных у гістарычным плане месцах.
Ідзе маркіроўка маршрутаў. Адзін з іх, кальцавы, працягласцю каля 2 км, будзе насіць назву „Кароль Міндоўг”. Яшчэ адзін – 12-кіламетровы маршрут „Сэрца Гражыны” правядзе турыстаў па месцах, звязаных з Адамам Міцкевічам. Стартуюць абодва маршруты ад турысцка-інфармацыйнага цэнтра ў Наваградку. Працягласць тура па „летапіснай Літве” – каля 30 км. На шляху размешчаны гістарычныя жамчужыны краю: Любчанскі замак і Лаўрышаўскі манастыр. Прапануюць велатурыстам наведаць і партызанскі край – з наведваннем лагера, музея і відавой пляцоўкі.
Ствараюцца веладарожкі ў адпаведнасці з мясцовай ініцыятывай „Развіваем турызм на Наваградчыне разам!”, якая ажыццяўляецца па праекце ПРААН „Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” і фінансуецца Еўрапейскім звязам. Рэалізуецца ініцыятыва наваградскім дабрачынным фондам „Мы і наш горад!”. Пройдуць конкурсы фатаграфій і дзіцячых малюнкаў, лепшыя працы будуць выдадзеныя ў выглядзе паштовак і календароў. Таксама прадугледжана ўстаноўка інфармацыйных стэндаў, выраб і ўстаноўка малых архітэктурных формаў. Ствараецца сайт турыстычных магчымасцяў Наваградчыны, плануюцца да выдання рэкламныя буклеты на некалькіх мовах.
Фота galar-expo.by