Венгерскі лаўкостэр Wizz Air не спыняе палёты ў Расею



Хоць Wizz Air заявіў аб прыпыненні рэйсаў у Расею, некалькі рэйсаў з Масквы і Санкт-Пецярбурга засталіся дагэтуль.

Венгерскі лаўкостэр Wizz Air, які пасля пачатку вайны ва Украіне абвясціў аб спыненні рэйсаў у Расею, зноў адкрыў продаж квіткоў з Масквы.

На тое, што ў сістэме браніравання авіякампаніі ёсць авіябілеты з расейскай сталіцы ў венгерскія Будапешт і Дэбрэцэн на чэрвень гэтага года і ў Абу-Дабі (ААЭ) на кастрычнік гэтага года, звярнула ўвагу выданне «Новое время».

Паводле інфармацыі на сайце Wizz Air, у Будапешт рэйсы з маскоўскага аэрапорта «Унукава» будуць выконвацца штодня, а ў Дэбрэцэн — двойчы на тыдзень.

У Абу-Дабі з Масквы Wizz Air будзе лётаць чатыры разы на тыдзень.

Афіцыйна авіякампанія Wizz Air абвясціла аб поўным спыненні палётаў у расейскія аэрапорты 8 сакавіка 2022 года. Рашэнне прынята «па эксплуатацыйных прычынах».

Тым не менш, калі перайсці на сэрвіс па адсочванні авіярэйсаў Flightradar24, то можна ўбачыць, што Wizz Air да гэтага часу выконвае рэйсы з Масквы ў Будапешт і Абу-Дабі, а таксама з Санкт-Пецярбурга ў Будапешт, хоць новыя квіткі на іх і не прадаюцца.

Пасля пачатку расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, Еўразвяз абвясціў пра закрыццё паветранай прасторы для расейскіх і зарэгістраваных у РФ, падкантрольных ёй самалётаў.

Адначасова практычна ўсе еўрапейскія авіякампаніі прыпынілі выкананне авіярэйсаў з Расеі ў Еўропу. Выключэнне — сербская дзяржаўная Air Serbia, якая схлусіла аб поўным прыпынку рэйсаў у Расею і ўсё яшчэ выконвае адзінкавыя рэйсы паміж Бялградам і Масквой. Як аказалася, рэйсы ў Расею да гэтага часу выконвае і Wizz Air. Гэта адзіныя авіязносіны з Еўропай, якія цяпер даступныя расейцам, паведамляе novychas.online.