Віртуальная пілігрымка ў Будслаў



Вучні Нарацкай сярэдняй школы № 2 разам са сваімі педагогамі стварылі ўнікальны анлайн-праект — віртуальную пілігрымку ў Будслаў.

Духоўна-пазнавальны ролік ад школьнікаў з Нарачы змешчаны на youtube-канале мядзельскай раённай газеты «Нарачанская зара», паведамляе catholic.by.

Паколькі пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай да гэтага часу набажэнствы ў касцёле не праводзяцца, праект нарачанцаў дапамагае ўсім ахвотным прынамсі віртуальна дакрануцца да вялікай святыні нашага народа.

Як кажуць самі юныя стваральнікі 13-хвіліннага роліка, такім чынам яны хацелі ўкласці сваю духоўную цаглінку ў адбудову будслаўскага касцёла і даць магчымасць пабываць у Будславе, «не даехаўшы туды нейкіх там 60 кіламетраў».

Віртуальная пілігрымка завяршаецца аптымістычным развітаннем-пажаданнем маладзёнаў: «Да сустрэчы ў Будславе!»

Фота: catholic.by