Вішнева – беларуская Фаціма, дзе шмат ласкі і сонца



У гэтую дажджлівую восень пашчасціла мне трапіць у мясцовасць Вішнева на Валожыншчыне якраз сонечным днём. І хоць ужо вечарэла, мясцовая святыня сярод пажоўклага і чырвонага лісця, навакольнага возера і краявідаў, глядзелася асабліва цёпла і маляўніча.

Мясцовы старажытны храм для многіх атаясамліваецца з асобай ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Вядомая ж святыня яшчэ з глыбокай старажытнасці. Паводле падання ў 1414 годзе на гэтым месцы каля адной з квітнеючых вішань аднаму вельмі набожнаму чалавеку з’явілася Дзева Марыя, якая сказала заснаваць тут храм. Першы драўляны касцёл на высокім пагорку, на заходняй ускраіне вёскі, быў пабудаваны да 10-ых угодкаў аб’яўлення Маці Божай – у 1424-ым. Да яго фундацыі паводле гістарычных звестак спрычыніўся Вялікі князь Вітаўт. З таго часу сюды ўрачыста прыязджалі многія князі і каралі, магнаты, шляхта, розныя людзі, якія атрымлівалі Боскія ласкі і цудадзейныя аздараўленні. Пра гэта распавядае тэкст пад дрэвам і крыжам, што сягае ў неба на адмысловай таблічцы.

Мураваны ж храм узведзены ў 1637-41 гадах Храптовічамі. З перабудовамі ён захаваўся да нашага часу. Гэта помнік архітэктуры барока. У 1906-ым годзе былі зменены верхнія часткі вежаў. Адметная брама-званіца, якая ў глыбіні касцельнай тэрыторыі, зараз рэстаўруецца.

З 1953 году набажэнствы ў гэтым храме вядуцца па-беларуску. Традыцыя выдатнага беларускага святара 20-га стагоддзя Уладзіслава Чарняўскага працягваецца. Інфармацыя пры касцёле па-беларуску, мясцовыя людзі адказваюць падарожнікам таксама на роднай мове.

Уладзіслаў Чарняўскі скончыў 4 класы Вішнеўскай школы, потым вучыўся ў Крэўскай гімназіі, пасля – у Барунскай настаўніцкай гімназіі, Друі. Працаваў у розных мясцовасцях. У Вішнева вярнуўся толькі ў кастрычніку 1953 году, стаўшы мясцовым пробашчам. Тут правёў амаль усе гады сваёй душпастырскай дзейнасці. Ажно да канца 1980-ых карыстаўся ў духовай працы выключна беларускай мовай. Праводзіў беларускамоўныя імшы нават да ІІ Ватыканскага сабору, які афіцыйна дазволіў карыстацца ў касцёле нацыянальнымі мовамі. На беларускамоўныя службы ў Вішнева, і проста па маральную падтрымку і парады прыязджалі шматлікія беларускія грамадска-палітычныя дзеячы. Многіх вядомых асоб ён хрысціў. Памёр Уладзіслаў Чарняўскі 22 снежня 2001 году ў Менску, пахаваны тут, у так блізкім яму Вішневе, за касцёлам. На магіле помнік з крыжам, на помніку даты жыцця, манаскага шлюбу і святарскага пасвячэння, а таксама цытата з Евангелля.

Святая крынічка, якая ўпарадкавана, знаходзіцца з іншага боку касцёлу, паблізу ад возера. 3 кастрычніка 2009 года яна была асвечана Мітрапалітам Архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Шчыра раю паломнікам і проста вандроўнікам наведаць гэтую светлую мясціну. Вішнева – гэта наша Фаціма, дзе шмат асвячальнай ласкі, сонца і беларушчыны.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара