Віцэ-спікер Сейма Літвы не падтрымаў ідэю закрыць мяжу з Беларуссю



Віцэ-спікер Сейма Літвы, кіраўнік фракцыі Laisvės Вітаўтас Міталас не падтрымлівае ідэю закрыцця мяжы з Беларуссю. Раней еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус выказаўся за тое, каб абмежаваць паездкі беларусаў у Літву, а таксама літоўцаў у Беларусь.

На думку Вітаўтаса Міталаса, Беларусь, нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расейскую агрэсію, трэба ацэньваць інакш.

Пра гэта ён сказаў радыё Žinių, нагадаўшы пра падзеі 2020 года.

Міталас лічыць, што калі некаторыя дэпутаты маюць канкрэтныя заўвагі наконт пытанняў бяспекі або міграцыйных працэдур, то трэба абмяркоўваць іх.

На думку віцэ-спікера, гістарычнай місіяй Літвы з’яўляецца дапамагчы Беларусі дэмакратызавацца.