Ворша Караткевіча: “З адхону на дняпроўскі лёд”
У рамане “Леаніды не вернуцца да Зямлі” (“Нельга забыць”, 1962) Уладзімір Караткевіч з фатаграфічнай дакладнасцю адлюстроўваў рэаліі і рэльеф вуліцы Касманаўтаў (цяпер Караткевіча). Усё, што апісана ў рамане, захавалася.
На фота: вуліца Караткевіча 10, дом, дзе жыў Уладзімір Караткевіча. Тут герой рамана Андрэй Грынкевіч гатуе смачную каву.
У рамане Караткевіча галоўны герой, Андрэй Грынкевіч, прыязджае у родны горад, каб узяць паўзу ў складаных адносінах з жанчынай і паглыбіцца ў творчы працэс на тле трагічнага кахання.
На фота: Адхон, па якім Андрэй Грынкевіч з’язджаў да Дняпра.
Герой прыязджае ў Воршу, каб напісаць сцэнар, аповесць, і п’есу – усё за 38 дзён. Яму спрыяюць – моцная кава і лыжныя прабежкі па левым беразе Дняпра:
“Снеданне з моцнай кавай. Кафейнік на агні. Вельмі салодкая вада яшчэ не пачынала кіпець, толькі драбнюткія бурбалкі ўзнікаюць на самых краях паверхні… Кава ў сталовай лыжцы з коптурам… Яна пахне так, што прачнуўся б і мёртвы. Дзве шклянкі вады… Лыжка… Другая… Трэцяя. З таго боку, дзе агонь большы, паверхня пачынае ўздымацца, паўмесяцам наплываць на астатняе. Абы не перакіпела! Хопіць”.
На фота: Дняпроўскі лёд у месцы, дзе герой пераезджае з правага берагу на левы.
На фотв: левы бераг Дняпра, дзе герой рамана бегае на лыжах.
І вось фрагмент рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі” (“Нельга забыць”), які апісвае вуліцу і адхон Дняпра і перезд на лыжах з правага берагу Дняпра на левы.Тут апісаны рэльеф вуліцы, якая збягае да самага Дняпра з гары:
“… уставаў у шэсць гадзін раніцы, калі ў гарадку гарэлі толькі рэдкія агні і ранішні снег вішчаў пад лыжамі. З адхону на дняпроўскі лёд, потым на стромы адхон процілеглалга берага. Праз дзесяць хвілін ужо не хочацца спаць, знікае некуды свінцовы цяжар стомы. Лыжы бягуць па зарэчных палях, перасякаючы ваўчыныя сляды і хітрыя зайцавыя петлі. Вялікі круг на поўнай хуткасці. Потым імпэтны як падзенне палёт дном яра, – мільгаюць хмызы над галавой. Можна спыніцца і ўмыцца пякуча-мяккай вадой з палонкі. Але толькі на хвіліну. Не больш”.
Беларускае Радыё Рацыя