Воўпа – найвялікшы драўляны касцёл Беларусі



Мястэчка Воўпа, як мноства іншых знакавых мясцін Беларусі, незаслужана малавядомае не толькі для замежных гасцей, але і бальшыні беларусаў. Сёння мястэчка выглядае не вельмі прывабна, але кожны, хто сюды загляне, міжволі зверне ўвагу на велізны і велічны драўляны касцёл у стылі позняга барока, найбольшы з усіх драўляных касцёлаў у Беларусі.

Тэрыторыя касцёла абнесена плотам з колатага каменя з галоўным ўваходам праз браму з масіўных цагляных атынкованых слупоў. Справа ад касцёла асобна пабудаваная ў 1858 годзе двухроўневая вежа-званіца. Са старой званіцы перанеслі сюды званы (ліліся з папярэдніх у 1837 г.), а ў 1930 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Іпаліта Ядкоўскага, парафіяне набылі новы звон „Ян Хрысціцель”.

За брамаю перад намі паўстае касцёл Яна Хрысціцеля з двума анёламі перад уваходам. Выклікае захапленне выклікае знакаміты галоўны алтар, які выкананы ў стылі ранняга барока невядомымі майстрамі ў гады 1634-1639 фундаваны Казімірам Сапегам. На цокалі алтара размешчаны картушы з гербамі заснавальнікаў – Казіміра і Тэадоры Сапегаў. Алтар  рамантаваўся ў 1773, 1899, 1998 гадах.

Касцёл у Воўпе мае даўнюю і цікавую гісторыю. У 1449 годзе кароль і вялікі князь Казімір Ягелончык перадаў маёмасць Алехна Судзімонтавічу ваяводу Віленскаму і канцлеру Вялікага Княства Літоўскага (1477-1490). Менавіта Алехна разам са сваёй жонкай Ядвігай у 1477 годзе заснавалі тут першы  касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Яна Хрысціцеля.

У 1511 годзе. Аляксандр, князь Гальшанскі і яго жонка Соф’я заснавалі пры касцёле капліцу ў гонар святой Ганны, Беззаганнага Зачацця найсвяцейшай Дзевы Марыі, Св. Св. Сафіі, Паўла і Аляксандра.

29.07.1518 года гэты касцёл, напэўна, наведаў Мікола Гусоўскі, які прыехаў у Воўпу, каб напісаць завяшчанне Соф’і Гальшанскай.

У 1551 годзе верагодна праз Воўпу праходзіла жалобная працэсія з гробам каралевы Барбары Радзівіл у суправаджэнні караля і вялікага князя ВКР Жыгімонта Аўгуста. На ноч труну з целам каралевы заўсёды ставілі ў касцёле. А ў 1586 годзе не мог не наведаць службу у касцёле перад апошнім у жыцці паляваннем Стэфан Баторы.

У 1618 годзе з фонду віленскага біскупа Юстаса Валовіча на месцы старога касцёла будуецца новы і капліца Гальшанскіх была далучана да новага храма ў адно цэлае. У 1624 годзе Ваўпянскае староства набыў для свайго малодшага сына Казіміра Льва канцлер ВКЛ Леў Сапега. У 1630 годзе касцёл згарэў. Яго аднавілі з дрэва, каля 1640 года. Найверагодна, што менавіта ў той час і быў закладзены Ваўпянскі касцёл. Фундатарам галоўнага алтара, які захаваўся да нашых дзён, без сумневу, з’яўляецца князь Казімір Леў Сапега (1609-1656), тагачасны маршалак, і яго жонка Тэадора Крысціна з Тарноўскіх. Леў Казімір прымаў тут Караля і Вялікага Князя Уладзіслава з яго жонкай Цэцыліяй Рэнатай, пад час іх падарожжа ў Вільню. А 22 лістапада 1661 года ў  Ваўпянскім касцёле адбыўся генеральны сход канфедэратаў Казіміра Жэромскага. Гэты касцёл стаяў амаль паўтара стагоддзя. У1773 годзе выявілі, што сцены касцёла спарахнелі, і на сродкі тагачаснага Ваўпянскага пробашча ксяндза Юзафа Казіміра Касакоўскага касцёл быў адноўлены. У касцёле ўсталявалі былыя алтары і 10 сакавіка 1776 года біскуп Іосіф Касакоўскі асвяціў касцёл Святога Яна Хрысціцеля. Гэты касцёл дзеіць і сёння. Верагодна не раз Воўпу наведвала Эліза Ажэшка. У 1905 годзе выйшла з друку яе аповесць “Гэдалі”, прысвечаная Воўпе і аднаму з яе жыхароў беднаму жыду Гэдалі…Дзякуючы аповесці Гэдалі стаў вядомым і палепшыў сваё матэрыяльнае становішча.

Сёння ў Воўпе на невялікай тэрыторыі акрамя апісанага касцёлу стаяць яшчэ тры храмы: на мясцовых могілках праваслаўная Петрапаўлаўская драўляная царква 1859 году (узведзена будаўніком Вайчынскім, перабудоўвалася ў 1945-ым) і невялікая каталіцкая капліца 1873 году. А непадалёк узвышаецца сучасная вялікая праваслаўная царква, будаўніцтва якой было скончана ў 2003 годзе.

[Not a valid template]

Лявон Карповіч, Луна-Воля, Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча