Возера Нарач увайшло ў топ-5 курортаў СНД
Возера Нарач увайшло ў топ-5 лепшых курортаў СНД, паведамляе сайт расейскага аналітычнага агенцтва „ТурСтат”, якое склала рэйтынг курортаў СНД, папулярных для адпачынку летам 2018 года.
Самыя папулярныя курорты краін СНД на моры і на возеры — гэта курорты Казахстана, Кыргызстана, Беларусі, Азербайджана і Арменіі.
Рэйтынг прадстаўлены па выніках аналізу наведвальнасці курортаў расейскімі турыстамі.
Першае па папулярнасці месца займае курорт Бурабай (Баравое) у Казахстане, на другім месцы возера Ісык-Куль у Кыргызстане. Возера Нарач у Мядзельскім раёне Менскай вобласці замыкае тройку лідараў. Далей ідуць пляжы Більгя горада Баку на ўзбярэжжы Каспійскага мора ў Азербайджане і возера Севан у Арменіі.
На курорты СНД расейскія турысты прыязджаюць летам на адзін-два тыдні. У суткі адпачывальнікі трацяць ад 50 да 100 даляраў. Танней за ўсё адпачываць на Ісык-Кулі (50 даляраў), даражэй — на курортах Баку на Каспійскім моры (100 даляраў).
На курорты СНД турысты з Расеі прыязджаюць у асноўным з Масквы, Падмаскоўя, Санкт-Пецярбурга, Паўднёвага Урала і Сібіры.