Вугорскія азёры Балатон і Гэвіс
Першая згадка з майго дзяцінства, калі я чуў пра Вугоршчыну, – было возера Балатон. Пра яго распавядалі старэйшыя людзі, якія служылі ля гэтага возера ў складзе савецкіх вайсковых базаў арганізацыі Варшаўскай дамовы.
Калі ж сам упершыню ўбачыў гэтае найбуйнейшае возера Цэнтральнай Еўропы, то мае ўяўленні пра Вугорскае мора набылі іншых фарбаў і зместу…
Дарэчы, плошча вадаёма 594 км квадратных. Расцягнута возера на 79 кіламетраў.
Яно цёплае. Нават у верасні ў ім можна купацца. Дзе нідзе купкі рыбакоў, на аблюбаваных мясьцінах засіджваюцца да пазна. Шэзлонгі для адпачынку ўвесь верасень. У адрозненні ад мора возера плыткае, таму многія вугорцы жартам называюць яго вугорскім балотам.
А што на возеры Гэвіз?
Старажытныя манеты, што былі знойдзеныя ў гэтым возеры даводзяць, што рымляне былі, імаверна, першымі, якія карысталіся гаючымі ўласцівасцямі возера. Паводле легенды, менавіта воды возера Гэвіс вылекавалі будучага імператара Рымскай імперыі Тэадора Флавія ад паралюша ног.
Тым не менш, як курортнае мястэчка стаў вядамы ад 18-га стагоддзя, у часы графа Дзьёрдзя Фештэціча. Ен узвёў драўляную купальню, правёў дрэнаж падводных крыніцаў. У пачатку 20-га стагоддзя былі пабудаваныя гатэлі й рэстарацыі. Працэдуры цяпер праводзяцца на аснове гаючых водаў. Кантралююць працэс лекаваньня адмыслоўцы – лекары. Першым лекарам, які падпісаў кантракт на працу ў купальні Гэвіса, быў доктар Вілмас Шульгоф, які заснаваў бальніцу ў 1911 годзе для задавальнення патрэбаў у сучаснай фізіятэрапіі. Цяпер – гэта Андрэеўская бальніца рэўматалогіі і рэабілітацыі.
[Not a valid template]
Купальны дом на возеры Гэвіз
Тэмпература вады возера Гэвіз – цяжка паверыць – 30 ° С , што робіць пад адкрытым небам купанне вельмі прыемны нават у зімовы час. Прынамсі, ў верасьні было 32 ° С. Штосекундна на паверхню выкідваецца 420 літраў радонавай, сярністай, багатай газамі ды мінераламі вады. Вада цалкам змяняецца ў 28 гадзінаў. Гаючая вада і лячэбная гразь зыходзіць ад рэліктавага Паннонскага мора, якое было на тым месцы мільёны гадоў таму.
Гразі эфектыўныя ў комплекснай фізіятэрапіі, а таксама пры лячэнні ўсіх формаў рэўматычных і апорна-рухальных захворваньняў. Купанне з’яўляецца асноўным відам тэрапіі, але накладанне гразяў і рознага віду масажы там таксама ёсьць. Падправіць сваё здароўе можна ў 9 крытых тэрмальных басейнах, кожны з тэмпературай вады каля 35 °С.
У мястэчку Гэвіс багата напамінаў пра гісторыю курорта
Цікава, што вугорскія тэрмальныя воды, адна з разынак гэтай краіны. Бо апрача Балатона і Хэвіса, існуюць іншыя купальні: Сечань, Ґелерт, Лукач, якія багатыя аздараўленчымі працэдурамі. Скарыстацца купальнямі – досыць традыцыйны для Вугорчыны занятак.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара