Вуліцы Мальты



Заблукаць у мальтыйскіх гарадках амаль немагчыма: кожная вуліца, якая б яна не была цёмная і пакручастая, абавязкова выведзе ці да мора, ці да старажытнага касцёла, ці да якой фартэцыі.

Вуліцы ў гарадках Мальты – не проста накірунак у гарадскім асяродку, а сапраўдныя прыгоды. Прытым неспадзяванкі чакаюць, ці не на кожным кроку. Ідзяце вы, напрыклад, па Мдзіне, старажытнай сталіцы вострава, і бачыце мармуровую шыльду – маўляў, гэты дом належыць роду тутэйшых графаў ажно з ХVI стагоддзя. Ля дома — сімпатычная вулічная кавярня, а водар кавы такі чароўны, што не спыніцца проста немажліва. Калі вы збольшага валодаеце ангельскай, абавязкова пазнаёміцеся з маладым бармэнам, які і раскажа вам, што ён – нашчадак славутага графскага роду, і што ягоныя далёкія продкі —рыцары з ордэна гаспітальераў св. Яна бралі ўдзел у аблозе Ерусаліма ў 1192 годзе разам з каралём Рычардам Львінае сэрца. Праўда, род іх збяднеў настолькі, што цяпер змушаны займацца дробным бізнесам: маці трымае кавярню, стары граф возіць турыстаў на ўласнай яхце на Сіцылію, а ягоны адзіны сын з зарабляе на вучобу ва ўніверсітэце за барнай стойкай. Калі вы не дасцё маладому графу-бармену веры, ён абавязкова прадэманструе вам старажытнае геральдычнае дрэва з мноствам доўгіх сярэднявечных тытулаў і рыцарскіх гербаў…

У мальтыйцаў ёсць адзін «пункцік»: даваць імёны ўсяму, што належыць ім на правах уласнасці. І гэта не толькі яхты, якія ёсць ці не ў паловы жыхароў той жа Валеты. Уласныя імёны даюць дамам, кватэрам, сядзібам, палям, садам і нават аўтамабілям. Найчасцей гэта імёны святых. Шыльдачкі кшталту «Apartment St. Francis» ці «Garden St. Dominic» здзіўляюць толькі спачатку; па хуткім часе нават шыльда «Сrane St. Peter» ужо не муліць вока. Калі мальтыец заможны, ягоны дом будзе аздабляць адпаведная статуя святога, калі не надта – сціплая кафлёвая выява.

Як і большасць паўднёвых народаў, жыхары Мальты экспрэсіўныя, тлумныя і не надта абавязковыя. Але ж гэта з залішкам кампенсуецца іхнай добразычлівасцю да іншаземцаў. А ўжо калі мальтыец пабачыць, што вам сапраўды цікавая гісторыя ягонай краіны – ён можа адкласці нават даволі пільныя справы, каб паказаць вам мясцовыя цікавосткі. Хаця б у межах адной асобна ўзятай вуліцы.

01_malta_vulicy

Сярэднявечная вуліца ў гістарычным цэнтры Валеты, сталіцы Мальты.

02_malta_vulicy

Гэтай вуліцы ў старажытным гарадку Мдзіна больш за 2000 гадоў. Першыя дамы будавалі яшчэ фінікійцы, на падмурках іх дамоў будаваліся карфагеняне, рымляне бізантыйцы, нарманы і арабы, потым – рыцары ордэна св. Яна. Дамам на здымку ад 200 да 400 гадоў.

03_malta_vulicy

Гэта не завулак, а таксама вуліца Мдзіны.

04_malta_vulicy

Раней тут была кантора грашовага мянялы, цяпер – сувенірная крама.

05_malta_vulicy

Большасць мальтыйскіх сем’яў бесперапынна жывуць у гэтых дамах па 200-500 гадоў.

06_malta_vulicy

Дзіўны англа-французскі надпіс на шыльдзе. Нашчадкі тых рыцараў з Аверна і Праванса пагэтуль жывуць на гэтай вуліцы горада Мдзіны.

07_malta_vulicy

На Мальце прынята аздабляць дамы выявамі святых.

08_malta_vulicy

09_malta_vulicy

На Мальце — левабаковы рух, як у Вялікабрытаніі, і калі вы ўзялі напракат аўтамабіль, трэба быць вельмі пільнымі!

10_malta_vulicy

11_malta_vulicy

Мальтыйцы любяць даваць сваім дамам уласныя імёны.

12_malta_vulicy

Калі мальтыец, які едзе на машыне, пабачыць у вулічным кафэ сяброў і знаёмых, ён абавязкова спыніцца, каб крыху пагаманіць.

13_malta_vulicy

Тыповыя сучасныя вуліцы мальтыйскага гарадка Бурджыба.

14_malta_vulicy

15_malta_vulicy

 

16_malta_vulicy

Ці не палова мальтыйскіх вуліц абавязкова выводзяць да мора.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара