Вячэрні Каўнас захоўвае навагодні настрой
Горад Каўнас дагэтуль не страціў сваёй навагодняй святочнай прыгажосці. Шпацыр па славутым прыбалтыйскім горадзе надвячоркам напэўна ўздыме настрой кожнаму падарожніку. Ілюмінацыя на галоўных вуліцах і пляцах, падсветка эклектычнай ратушы, якую называюць Белай Лебяддзю, шматлікіх храмаў, стылізаваныя скульптуры, нібы працягваюць калядныя і навагоднія святы ажно да канца студзеня.
Цэнтральную кампазіцыю гораду разам з ратушай фармуюць катэдральны Петрапаўлаўскі касцёл і яшчэ некалькі адметных храмаў. Асаблівай перлінай ёсць гатычны касцёл Вітаўта на ўзбярэжжы Нёмана. Ад гэтага храма вядзе мост, які таксама мае імя вялікага князя ВКЛ. Менавіта з гэтага мосту ў „Тэмзу”, ролю якой адыграў наш Нёман, знакаміты кінагерой актора Алега Даля прынц Фларызель кідаў каштоўны алмаз. У Каўнасе ўвогуле здымалася вельмі шмат кінастужак.
Горад Каўнас цешыць турыста сваёй архітэктурай, зычлівасцю мясцовых людзей, водарам і стравамі кавярняў і рэстарацый.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара