Вялікая Рагозніца – былое гняздо роду Сухадольскіх



Вялікая Рагозніца – мясцовасць у цяперашнім Мастоўскім раёне, праз якую не вядуць асноўныя дарогі. Каб трапіць сюды, трэба ў Мастах скіравацца на Пескі і далей шляхам да Рагозніцы. Па шляху па правым боку вы ўбачыце прыдарожную праваслаўную каплічку.

На ўездзе ў вёску падарожніка сустракае касцёл Дзевы Марыі, які пабудаваны ў 1926-ым годзе і абкружаны мураванай агароджай. Насупраць касцёлу старыя могілкі з дзвюма брамамі.

DSC_0570

Даўней Рагозніца, мясцовасць на рэчцы Юхнаўка, – уласнасць Івашкі Беняйтовіча, потым вялікіх князёў літоўскіх, пазней Кезгайлаў, каралевы Боны, Пукштаў, Весялоўскіх, гарадзенскіх брыгітак. Па-іншаму вёску яшчэ называюць Рагожніца, так што тапонім не такі адназначны. Верагодней, што назва мясцовасці паходзіць ад слова “рагожа” (плеценая звычайна з лубяных палосак тканіна), чым ад слова “рагоз” (балотная расліна).

У 18-ым – сярэдзіне 19-га стагоддзя тут быў маёнтак роду Сухадольскіх, у другой палове 18 ст. закладзены парк. Пазней уладаннікі мяняліся часта, у 1906-39 маёнтак належаў Аскару Мяўштовічу, які  быў забіты бальшавікамі.

Сядзіба забудаваная ў 1791 годзе паводле фундацыі Смаленскага кашталяна Антона Сухадольскага, дабудоўвалася ў 19 стагоддзі. У сядзібе некалі гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Антон Сухадольскі быў патрыётам ВКЛ і бараніў яго інтарэсы на чатырохгадовым сойме, куды быў абраны, падтрымліваў правы ўніяцкага насельніцтва краю. Сын Антона Сухадольскага Ян таксама быў палітыкам, пазней браў удзел у вызвольным паўстанні Касьцюшкі.

У гэтай сядзібе гадаваліся ўнукі Антона Сухадольскага Януар Сухадольскі, вядомы жывапісец-баталіст, удзельнік паўстаньня 1830 году і яго брат Райнольд Сухадольскі, паэт, таксама ўдзельнік таго ж вызвольнага чыну, аўтар паўстанцкіх песень. Вядома, што Райнольд вучыўся ў знакамітай Сьвіслацкай гімназіі. Загінуў ён пры абароне Варшавы. Януар пражыў да 1875-га. Яшчэ два браты трапілі ў расейскі палон – Яцэк і Валянцін. Яцэк вярнуўся дамоў, але страціў розум. А вось Валянцін уцёк, рэшту жыцця пражыў у беднасці ў Парыжы. Вядомы таксама факт, што сын наступных уладаннікаў Рагозніцы Шабаньскіх загінуў у паўстанні 1863 году. У чатырох кіламетрах ад вёскі нападалёк Пацавічаў ва ўрочышчы Балбатова на ўзлеску помнік у памяць паўстанцаў.

DSC_0131

Да сёння ад рагозніцкай сядзібы захаваліся парк з двума ставамі і алеяй, сядзібны дом, уязная брама, некалькі мураваных гаспадарчых пабудоваў, непадалёк брамы з левага боку стары склеп. У сядзібе зараз месціцца кіраўніцтва мясцовым сельскагаспадарчым кааператывам. Цікава, што ён носіць імя Адама Міцкевіча. Звязана з Рагозніцай і каларытная асоба графа Аляксандра Прушынскага, які спрабаваў некалькі разоў зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Прушынскі – сын Марыі з роду Мяўштовічаў і Ксаверы Прушынскага пэўны час нават імкнуўся вярнуць сабе рагозніцкі маёнтак.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара