Вялікія Эйсманты – шляхецкае мястэчка даўняй Рэчы Паспалітай
Мястэчка Вялікія Эйсманты знаходзіцца ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці, у 37 кіламетрах на поўдзень ад абласнога цэнтра. Гісторыя населенага пункту пачынаецца ў 16 стагоддзі. Мясцовасць згадваецца ў дакументах караля Жыгімонта Аўгуста за 1570 год. Тады ўладальнікамі гэтых земляў быў баярын Амброзі Эйсымонт.
З канца 16 – пачатку 17 ст. Эйсманты згадваюцца як шляхецкая ваколіца, гэта значыць, што мясцовасць у большасці была заселена сярэдняй і дробнай шляхтай, якая не мела ўласных сялян і апрцоўвала зямлю ўласнаручна.
У 1660 г. сродкамі Ганны Эйсымантовай (жонкі Паўла) і яе сына Якуба ў вёсцы быў пабудаваны першы касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Яна Непамука, а кароль Ян Казімір узвёў тады Эйсманты ў ранг парафіі.
Прадстаўнікі роду Эйсымонтаў валодалі маёнткам аж да 1832 году. Пасля смерці Атаназы Эйсыманта, уся маёмасць перайшла яго дачцэ Еве, якая была на той час у шлюбе з гарадзенскім суддзём Юзафам Ясколдам.
У часы 2-й Рэчы Паспалітай мястэчка было адміністрацыйным цэнтрам аднайменнай гміны. У наш час Вялікія Эйсманты – носяць статус аграгарадка. Цэнтр мясцовасці дагледжаны, тут радамі высаджаны елкі і туі.
Акрамя парафіяльнага касцёла, пра які раскажам пазней асобна, сярод забудовы мястэчка можна адзначыць шэраг цікавых мураваных і драўляных будынкаў 1-й паловы 20 ст. Найперш варта звярнуць увагу на вялікі драўляны дом з мансардай у цэнтры населенага пункту. Гэта тыповая для заходнебеларускіх мястэчак пабудова. Да вайны першы паверх такіх будынкаў часцей за ўсё займала праўленне гміны, а на мансардзе месцілася паштовае аддзяленне альбо пастарунак паліцыі. Можна ўбачыць у Эйсмантах таксама стары драўляны дом, пакрыты цяжкай дахоўкай.
[Not a valid template]
Сяргей Сянкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча