Вярэйкі: феерверкі, касцёлы ды савецкае мінулае



Па дарозе з Гародні да Ваўкавыску можна завітаць у былы фальварак і вёску Вярэйкі. Жывуць тут амаль паўтары тысячы чалавек розных нацыянальнасцяў. Створаны напрыканцы ХVІІІ фальварак належаў Тэадоры Біспінг, мае даволі цікавую гісторыю. Касцёл Прэсвятой Панны Марыі будаваўся яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя і меў наступную цікавостку: дачка Іосіфа Біспінга ды Тэадоры Сухадольскай пабралася шлюбам з праваслаўным расейскім генералам Аляксандрам Светчыным. Каб вырашыць рэлігійнае пытанне ў сям’і, трэба было пабудаваць касцёл у мястэчку ды праваслаўную царкву непадалёк. Храм быў перабудаваны ў савецкі час, і першага касцёлу, на жаль, мы не сустрэнем, аднак тое, што засталося ад храму, вельмі нагадвае сваімі калоннамі катэдру ў Вільні. Побач з касцёлам можна наведацца ў невялічкі мясцовы батанічны сад. Японская сакура, секвойя ды цюльпанавае дрэва – такая экзотыка сустракаецца ў Вярэйках.

verejka562

А калона-ўспамін пра генерала Светчына знаходзіцца амаль насупраць касцёла. Надпіс на калоне можа здзівіць падарожніка, бо напісаны ён па-польску, а прысвечаны расейскаму вайскоўцу.

Што яшчэ можна ўбачыць у Вярэйках: старыя пабудовы былога фальварка і парк, які заўсёды ўпрыгожаны ды пачышчаны.

Савецкае мінулае займае палову Вярэек – мясцовы дом культуры з надпісам пра мастацтва, “якое належыць народу”, помнік 116 жыхарам Вярэек, што загінулі пад час Вялікай Айчыннай вайны. Помнік паўстаў поўстагоддзя таму і нагадвае нямецкія помнікі: жаўнер трымае ў руках капялюш. Побач літаральна некалькі год таму з’явіўся невялічкі пастамент памяці сяржанту Фёдару Пятрову, што загінуў пры вызваленні Вярэек.

Вярэйкі знакамітыя таксама тым, што менавіта тут год таму адбываўся міжнародны фэст феерверкаў, на які з’ехаліся піратэхнікі з Расеі да Украіны, Польшчы ды Беларусі. На фэст завітала некалькі тысяч наведнікаў хіба ўпершыню за гісторыю гэтага населенага пункта.

Сёлета возера, на берагах якога адбываўся фэст, стаіць пустое, купанне і развядзенне вогнішчаў забаронена, і парушаць гэтыя правілы нават у такую спякоту ніхто не адважваецца.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя