Вёска, дзе быў бы шчаслівы турыст
Часам шкадую, што няма ў нас серыі падарожнікаў па кожным раёне, дзе былі б сцісла апісаны ўсе населеныя пункты. Адгарнуў, убачыў, што самае цікавае ў тым ці іншым месцы, – і паехаў глядзець. Як я паехала глядзець Вугляны Камянецкага раёна, прачыўшы ў адным даведніку, што ёсць там арыгінальныя крыжы, франтоны і падвойнае ткацтва. І ёсць людзі, якія раскажуць тое, чаго не напішуць у даведніках.
“Я іх тут ахоўваю, шчыра кажучы…”
Калонія вуглянскіх крыжоў прыцягвае ўвагу здалёк. Бачыць крыж-абярэг выпадае ля кожнай вёскі, але каб іх было каля дзясятка – гэта рэдкасць.
Каб зразумець, адкуль у Вуглянах такая інсталяцыя, іду ў хату, што суседнічае з крыжамі. Мяне сустракае мужчына перадпенсійнага веку, які запрашае мяне зайсці і кліча сваю 93-гадовую маці Ганну Кузько. Бабулька аказваецца вельмі заангажаванай вуглянскімі абярэгамі, актыўна за імі прыглядае, наводзіць парадак з дапамогай больш маладых вяскоўцаў, садзіць ля крыжоў кветкі.
‒ Шэ кулесь-кулесь мны удна старая баба русказувала (вжэ ій тожэ було пуд сто літ), шо на гэтым місці стуяла якаясь каплечка для мулення, і тут було якоесь друге гусударство. Італія, чі шо. – “Літва!”, – папраўляе з кухні сын Ганны, але таксама няўпэўненым голасам. – А после вэльмы люды сталі хвурыты на тіф і вмыраты. Ну і рышэлі пуставыты крэжа. Коб люды пырысталі вмыраты”, – расказвае Ганна Кузько легенду з’яўлення сярод вёскі першага крыжа. Прычым ставілі ранейшыя абярэгі, па словах бабулі, у спецыяльных умовах – да дванаццаці гадзін ночы трэба было ўправіцца і ў пушчу за дрэвам з’ездзіць, і крыж зрабіць, і абысці з ім тры разы ўсё сяло.
Пазней да антытыфавага крыжа дадаліся іншыя, пастаўленыя з розных прычын. Напрыклад, сярод навейшых ёсць і крыж, закліканы спыніць у сям’і заўчасныя смерці, і крыж, пастаўлены чалавекам на добрую пра яго памяць вяскоўцаў.
У 60-70-х гадах мінулага стагоддзя ў цэнтры Вуглян стаяла з 5 крыжоў. Па традыцыі, менавіта тут ставілі труну з нябожчыкам дзеля апошняга развітання. Калі хавалі партыйных, традыцыю, натуральна, ігнаравалі, але ў такіх выпадках многія вяскоўцы ігнаравалі і развітанне. А пасля партыя аб’явіла крыжам апошні бой. Вуглянскія жанчыны даведаліся, што абярэгі збіраюцца спілаваць, і ўсталявалі за імі надзвычайны нагляд. На першы раз дапамагло, і брыгада камсамольцаў з піламі збегла пад націскам уззброеных каменнем жанчын. Другі раз за крыжамі прыйшлі незадоўга да досвітку: “Прыіхалі, як тіхій сон ву всіх був, – зноў з кухні падтрымлівае размову сын Ганны. – А дэ-якеі бабэ на фермы буле. То як вырталіся, дажэ і ны заметілі, што крыжыв ныма”.
На шчасце для вуглянцаў, “кустумольці”, як кажа баба Ганна, проста кінулі драўляныя абярэгі ў балота, адкуль іх жанчыны выцягнулі зноў на божы свет.
Ганна Кузько і крыжы
Па крыжовай калоніі і цяпер відаць, што перажыла яна і Крым, і Рым. Старэйшыя абярэгі – а самаму даўняму крыжу каля 200 год, – як пенсіянеры на кавеньку, абапіраюцца на бетонныя апоры. За іншымі таксама наглядаюць і трымаюць у парадку.
Падвойнае ткацтва – творы на стагоддзі
Каб паглядзець на знакамітыя падвойныя дываны, я іду да іншай Ганны – 90-гадовай Ганны Жук. Засцігаю яе каля печы з невялікай прастудай, але пра ткацтва яна распавядае з гатоўнасцю і энтузіязмам, хоць, зразумела, даўно ўжо не “вытыкае”.
‒ Мынэ з детства тягнуло ду гэтуго. Пэршый раз за станок сыла, як було, можэ, шысть чі сым літ. Маты вэйдэ – я сядаю, бо як ны вмііш, то наблёнтаіш. То часом накрычат, а часом скажут: “Ідэ шэ публёнтай”, – смяецца былая ткачыха. Сама Ганна родам з пружанскай Галасяціны, і з падвойным ткацтвам сутыкнулася толькі на Камянеччыне. “А як пубачіш шо такое – то і субі хоцця зрубэты”.
Пасля ўводнай размовы баба Ганна вядзе мяне з кухні ў пакой, дзе адна канапа засцелена якраз двухасноўным дываном. Усё, як у хрэстыматыйных артыкулах пра падвойнае ткацтва – тканіна складаецца з двух асобных палотнаў, якія злучаюцца між сабой па краях і ў месцах узораў. Дыван вытканы з авечага сукна, даволі тоўсты – такі ў якасці коўдры можна выкарыстоўваць. Абодва бакі вырабу лічацца правымі, розніца толькі ў колерах.
Дарэчы, хто не ведае: падвойнае ткацтва з’яўляецца нематэрыяльнай каштоўнасцю беларусаў і распаўсюждана толькі ў некаторых рэгіёнах. Знойдзецца няшмат майстрых, якія могуць паўтарыць тое, што вырабілі на ўласнае задавальненне пушчанскія жанчыны.
Франтоны і ўцёкі на свабоду
Разныя франтоны ў даведніку таксама былі названыя цікавосткай Вуглян. Не сказаць, што гэта нейкая ўнікальнасць, бо ў многіх пушчанскіх вёсках сустракаецца традыцыя аздабляць дах не так, як ён аздоблены ў суседа. Але паглядзець на такія франтоны ўсё адно вельмі цікава.
[Not a valid template]
У адным такім доме жыве да нядаўняга часу гарадскі чалавек Іван Іванюковіч. Ён родам з Вуглян, жыў і працаваў у Берасці, а з выхадам на пенсію перабраўся ў бацькоўскую хату, куды ў агародны сезон да яго далучаецца жонка. “Тут воля, а ў горадзе ходзіш у чатырох сценах, у лядоўню ад няма чаго рабіць увесь час заглядаеш”, – са смехам кажа дзядзька Іван.
У Вуглянах ён заняўся гаспадаркай. Калі агарод – пераважна жончына парафія, то за курамі даглядае ён. Як чалавек парадку, дзядзька не дазваляе птушкам хадзіць па ўсім двары, таму загарадзіў ім уласны падворак між хлявамі. А зверху нацягнуў сетку, каб курэй не пералічыў шуляк. Я гляджу на сетку і кажу: “Адразу відно, што вы рыбак”, на што дзядзька Іван дабрадушна смяецца.
З задавальненнем я заходжу і ў яго хату. Усё проста ззяе чысцінёй і акуратнасцю – як ззяе гумарам і дабрынёй сам гаспадар. З ім вельмі прыемна папіць гарбаты з дамашнім маслам ды паслухаць, як ён яшчэ мадэрнізаваў вясковую фазэнду і хату. Мяне, напрыклад, уразіла простае, але такое практычнае вынаходніцтва, як замена чыгунных кольцаў на пліце стальным накштал камфоркі электрапліты. “Раней паставіш рондаль – і ён увесь у сажы ад агню. А цяпер я стаўлю яго на гэтае кола, і дно застаецца чыстым”, – расказвае гаспадар з такім энтузіязмам, што я раблю здымак не толькі для артыкула, але і для мужа – намякнуць, што ў нашу вясковую хату абавязкова трэба ўкараніць вынаходніцтва дзядзькі Івана.
Пасля гарбаты мы зноў выходзім на падворак, праходзім міма пасаджанага Іванам сасновага ляску, правяраем зробленую ім кармушку для птушак і ідзем да ракі, дзе нас чакае ягоны сусед, гаспадар аграсядзібы “Вугляны” Вадзім Пракапчук.
‒ Дзядзька Іван – мой вялікі сябар. Мы нават птушак ловім і кальцуем разам.
І дзядзька смяецца, відаць чарговы раз думаючы, што ў Вуглянах ён, натураліст па душы, знайшоў свой рай на зямлі.
Каб турыст быў шчаслівы
З Вадзімам Пракапчуком мы стаім непадалёк ад ракі, побач з укапаным знакам, згодна з якім мы знаходзімся на “тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП)”. Вадзім – актыўны сябра арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, а таксама каардынатар захавальнікаў ТВП “Рака Лясная”. Вось і сваю аграсядзібу ён часта выкарыстоўвае як базу для назірання за птушкамі, іх кальцавання, а таксама месца дзіцячых летнікаў.
Ва ўласнасці ў Вадзіма дзве хаткі. Сярод іх і адна з самых старых хат рэгіёну, датаваная 1884 годам. Унутры хаты пакуль што склад розных этнаграфічных рарытэтаў, але моцныя сцены архаічнага будынка не пакідаюць сумненняў, што тут яшчэ можна пасяліць і людзей таксама.
Стоячы ля ракі, няма вялікага сэнсу пытаць у Вадзіма, чаму ён, берасцеец, купіў хату менавіта ў Вуглянах. Ён з гадзіну можа расказваць, якія тут, у месцы спалучэння Правай і Левай Лясной, могуць быць вясеннія разлівы, як шмат сюды па гэтай прычыне прылятае вадаплаўных птушак і якія звяры выходзяць у пойму з пушчы.
‒ Некалі мы з калегам рабілі ўлік соваў і спыніліся тут пераначаваць. І вось стаім мы на ганку майго дома, цішыня вакол, толькі совы крычаць і равуць алені. Яны выйшлі з лесу, пачалі біцца, тузацца – лязгат рагоў разносіўся па ўсёй ваколіцы. І вось я думаю, каб быў замежны турыст і каб было магчыма яму паказаць усё багацце, этнаграфічнае і гістарычнае, нашых вёсак, разам з прыродным гэтым кампанентам, думаю, ён быў бы вельмі шчаслівы. Шчаслівы пабываць у такой нечаканай Беларусі, адначасова сучаснай і старадаўняй, – разважае гаспадар аграсядзібы.
А я, едучы дадому і прыслухоўваючыся да сваіх уражанняў ад вёскі Вугляны, разумею, што не толькі замежны турыст можа быць шчаслівы ўжывую сустрэць спалучэнне сучаснага і старадаўняга.
Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі