Вёска Хмяльніца – страшна дзівіцца
Вёска Хмяльніца на Слонімшчыне належыць да тых вёсак, пра якія кажуць: “Памірае”. І, сапраўды, Хмяльніца памірае не проста па хатах – то адна апусцее, то другая. Хмяльніца памірае цэлымі вуліцамі.
Першая вуліца, якая бліжэй ад дарогі Слонім – Ружаны, выглядае сёння, як пасля бамбёжкі і эпідэміі. На вуліцы ніхто ўжо не жыве. Хаты пустыя, вуліца зарасла кустамі, вокны забітыя дошкамі ці проста паламаныя. Праз іх бачны печы і печкі, якія некалі грэлі вяскоўцаў і іх дзяцей. Цяпер яны нікога не грэюць і не радуюць.
У канцы вуліцы, каля адной пустой хаты, ляжыць вялікі валун, на якім напісаны незразумелы тэкст. Прачытаць можна толькі адзін год – 1815. Каму пастаўлены гэта камень з надпісам – невядома. І нікога ён сёння не цікавіць.
Адным словам Хмяльніца – страшна дзівіцца. А некалі гэта вёска была ўласнасцю Валовічаў. У 1905 годзе ў ёй жылі 305 жыхароў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Хмяльніцы пражывалі 353 жыхары. Была школа, крама. Дарэчы, напачатку ХХ стагоддзя ў Хмяльніцы настаўнікам працаваў вядомы заходнебеларускі дзеяч і літаратуразнавец Ігнат Дварчанін (1895-1937). Сёння ён сваю Хмяльніцу не пазнаў бы. Асабліва, калі прайшоўся б па гэтай вуліцы, якую сфатаграфаваў наш карэспандэнт.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара