Вёска Варанцы: яе героі і простыя людзі



Вёска Варанцы, што ў Глыбоцкім раёне, месціцца ў двух кіламетрах ад вядомай турыстам вёскі Мосар. Адлегласць да раённага цэнтра складае каля дваццаці кіламетраў. У вёсцы цяпер жыве толькі дзесяць чалавек, а раней было значна больш.

Францішка Бервячонак

Як узгадвае ўраджэнка вёскі Францішка Бервячонак, калісьці там людзі трымалі больш за трыццаць кароў. Цяпер – ніводнай.

Георгі Зотаў

Але ў вёсцы жыве чалавек, які трымае 47 козаў, якіх сам даглядае і доіць. Былы настаўнік фізкультуры і завуч Вілейскага вучылішча Георгі Зотаў задумаў пераехаць на вёску больш за 10 гадоў таму. Спачатку паехаў у сваю родную вёску ў Талачынскім раёне. Але ідэю пераехаць жыць у вёску не падтрымала яго жонка, ды і родная вёска нядобра сустрэла новага жыхара. Тады пенсіянер з’ехаў у Глыбоцкі раён, дзе і абзавёўся гаспадаркай.

Георгі Зотаў з гадаванцамі

Паводле Георгія Зотава, жыццё ў вёсцы ён ужо ніколі не прамяняе на гарадское. І хоць вёска Варанцы ўжо вымірае і дачнікі не набываюць хаты, але яго жыццё там задавальняе. Як кажа мужчына, яму падабаецца жыць на прыродзе разам з жывёламі. Дзякуючы ім ён не хварэе і адпачывае. А таксама, па словах Георгія Зотава, ён нікому не замінае жыць і яму не трапляюцца дрэнныя людзі, якіх, на яго думку, вельмі шмат у Беларусі.

Ля ўваходу ў хату Георгія Зотава

Яшчэ вёска Варанцы застанецца ў гісторыі тым, што тут нарадзіўся Баляслаў Бервячонак – вайсковец, які гераічна бараніў Гайнаўку, што на Падляшшы Польшчы, на пачатку Другой сусветнай вайны. Памяць пра яго палякі шануюць і да гэтай пары.

Хата, у якой нарадзіўся Баляслаў Бервячонак

Баляслаў Бервячонак – родны дзядзька Францішкі Бервячонак, якая таксама нарадзілася ў Варанцах.

Сямейны фотаздымак Баляслава Бервячонка

Гістарычныя звесткі пра Баляслава Бервячонка:

1 верасня 1939 года капрал Баляслаў Бервячонак адбіваў напад нямецкіх самалётаў на сяло Яцвезь. 4 верасня полк цягніком адправіўся з гарнізона Ваўкавыск і 5 верасня прыйшоў у Чырвоны Бор. На цягнік падчас разгрузкі напалі два нямецкія самалёты. Вайскоўцы на чале з Баляславам Бервячонкам прымусілі іх адступіць. Таксама ён браў удзел 9 верасня разам са сваімі войскамі ў баях з нямецкімі танкамі, а 13 верасня яны знішчылі некалькі нямецкіх цягнікоў.

16 верасня аддзяленне, дзе ён служыў, прыйшло ў Гайнаўку. Праз дзень іх атакавалі нямецкія танкі і пачалася перастрэлка. У ёй былі падбітыя тры танкі, але нямецкая пяхота працягвала атаку. Тады польскія салдаты адступілі ў сяло Ліпіны. Сярод іх быў і Баляслаў Бервячонак. Немцы абстралялі іх артылерыяй і кулямётамі. Баляслаў Бервячонак быў паранены асколкам у галаву. Раны апынуліся смяротнымі, і ён памёр падчас эвакуацыі ў напрамку Белавежа.

Баляслаў Бервячонак быў пахаваны ў польскай вёсцы Буды. Потым яго парэшткі перавезлі на вайсковыя могілкі ў Беласток. У Будах засталася копія надмагільнага помніка. А ў Гайнаўцы стаіць валун у памяць абароны горада.

Некалькі кароткіх звестак ёсць пра яго і ў кнізе “Памяць. Глыбоцкі раён”.

Помнік Баляславу Бервячонку ў Будах

Магіла Баляслава Бервячонка ў Беластоку на вайсковых могілках

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя