Вёска, якой няма



Вёскі Нераставічы, як напісана на прыдарожным указальніку, у Слонімскім раёне няма. Ёсць вёска Нараставічы.

Але гэту памылку ніхто не выпраўляе, маўляў, якая розніца, ці Нераставічы, ці Нараставічы. Вось напісалі так, няхай так і будзе. Тым больш, што ніхто ў гэтай вёсцы ўжо не жыве. Вёска, якой няма…

Вёска Нараставічы знаходзіцца на тэрыторыі Васілевіцкага сельскага Савета. У другой палове XIX стагоддзя гэта быў маёнтак, казённая ўласнасць Кастровіцкай воласці Слонімскага павета. У ім пражываў 31 жыхар. А паводле перапісу насельніцтва ў 1869 годзе ў Нараставічах было 11 двароў і 84 жыхары. У 1921 годзе там пражывалі 59 вяскоўцаў. А напачатку ХХI стагоддзя ў Нараставічах жылі толькі два чалавекі. Цяпер вёска пустая. Захавалася некалькі хат, каля якіх дачнікі са Слоніма апрацоўваюць зямлю, каб пасадзіць бульбачку, агурочкі і памідорчыкі. Наш карэспандэнт пабываў у Нараставічах. Вакол былой вёскі вельмі прыгожая прырода: лес, поле, праз вёску працякае невялікая рачулка. На вуліцы Лясной – пару старых пабудоў, а таксама разбураныя вакол хаты. І печы, якія грэлі вяскоўцаў, сумна глядзяць у неба. Валяюцца каля старога плоту кошыкі, слоікі, дошкі, папера. На адной са старых газет за 2002 год прачытаў: «Чым жыве краіна». Чым яна жыве?.. Бачна па гэтай мёртвай вёсцы, якая зарасла кустамі і травой.

Пры ўездзе ў Нараставічы здалёк бачна вялікая шматгадовая таполя. Яе абхапіць могуць толькі тры чалавекі. Шмат яна пабачыла на сваім вяку. І шмат магла б распавесці пра мясцовы люд і іх лёсы. Але нядоўга яшчэ засталося расці і гэтай гнілой таполі. Пры моцным ветры і яна рухне да долу. Як кажа беларуская прымаўка: ад старасці ды ад смерці няма лекаў на свеце.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара