Высокае – мястэчка з дзівоснай забудовай
У мястэчку Высокае, што на Берасцейшчыне, бадай як нідзе ў Беларусі, захавалася старая габрэйская забудова. Архітэктура будынкаў тут надзвычай адметная. Збераглося шмат старых камяніцаў, часам яны з драўлянымі надбудовамі-мансардамі.
У самым цэнтры гарадку можна пабачыць тройку штучных буслоў на вялікім коле, а таксама незвычайнае спалучэнне двух крыжоў асноўных хрысціянскіх канфесій з абеліскам, на якім „красуецца” чырвоная зорка. А на ганку аднаго з жылых дамоў мы пабачылі партрэт Сталіна.
Крыху ўглыбіні за шэрагам мураваных дамкоў у Высокім стаіць разбураная сінагога. Насупраць яе руінаў дзейсная кузня. А каля сінагогі – помнік ахвярам гітлераўскага генацыду. У другую сусветную вайну, увосень 1941-га, у Высокім было забіта 320 чалавек габрэйскай нацыянальнасці, яшчэ 2 з паловай тысячы былі вывезены ў кацлягер Трэблінка – бальшыня з іх загінула.
Са старых помнікаў варта прыгадаць будынак трохроўневага млына (збудаваны ў 1930-ыя гады). Па гэтай жа вуліцы шэраг іншых адметных дамкоў. А людзі ў Высокім – надзвычай зычлівыя і ветлыя.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара