Высокі Атлас. Другая частка.



Горны паход па Высокім Атласе дае мноства ўражанняў, як і багаты на прыгожыя краявіды. Але, на жаль, як у кожным паходзе такога кшталту, даводзіцца звяртаць асноўную увагу не на гэта. Уся канцэнтрацыя мусіць быць на тым, куды ступае нага, звяртаць увагу на балансіроўку рухаў з заплечнікам на плячах. Бо ж, гэта не па праспекце прайсці: рызыка не ўтрымацца на якім-кольвек горным схіле ці скале, ці крушні заўсёды ёсць.

Адзін з начлегаў нашай дружыны быў на плато між гор на роўні больш як 3000 метраў. Калі ўдзень пякло сонца, то пад вечар падзьмуў моцны вецер і тэмпература паветра пачала хутка апускацца. Для мацаваньня намётаў ад зрыву ўсе ўдзельнікі паходу сталі падкладаць да іх камяні. Гэта табар перад перавалам Tizi-n-Ourai (3120м).

Перыядычна ўдзень, у раніцу, на горных сцежках нам сустракаліся берберы, якія на мулах возяць свае транты. Перавоз на мулах у адлегласці на некалькі гадзін. Бо менавіта ў гэтых мясцінах мул – хіба адзіны сродак перамяшчэння тавару: ад дроў і травы – да харчоў і напояў. Некаторыя супыняюцца п’юць моцную зялёную гарбату з цукрам адпачываюць, і працягваюць свой шлях.

На нашым шляху было возера Іфні (Lac d’Ifni) на вышыні 2300 метраў над роўнем мора. Вада там сцюдзёная, не для купання. Само возера нагадвае гарадзенскія кар’еры „Сіньку” ды „Зялёнку” – Крэйдавыя горы – па тэмпературы вады і па падпітцы запасаў вады – падземных водаў. Возера амаль не мае павольнага схілу. За два-тры метры ад берагу – апаўзае ў бяздонне.

Ля самога возера, мясцовыя берберы арганізуюць вузкія пляцоўкі для турыстаў, каб паставіць намёты, альбо прапануюць буданы. Буданы без вокнаў і дзвярэй, абкладзеныя камянямі і перакрытыя дрэвам з глінай, саломай і прамежкавым насцілам з поліэтылену.

 

Адзін з такіх бербераў – Гусэйн даў нам месца для начлегу і прыгатавання ежы. Там мы правялі паўдзёнку. Паводле звычаю гасціннасці для здарожаных Гусэйн пачаставаў салодкай гарбатай, аліўкавым алеем з хлебам.

Дарэчы, адным традыцыйных заняткаў бербераў застаюцца народныя промыслы. Яшчэ перад гарамі ў вёсках выстаўляюцца для продажу дываны, што выраблены з авечае воўны. Берберскія дываны могуць быць доўгімі, часта апрацаваныя махрамі, пакрытыя простымі геаметрычнымі ўзорамі. У раёне Маракешу вырабляюць дываны з прыгожымі ўзорамі вязаных вузлоў і з багатай каларыстыкай. Усе дываны робяцца ўручную.

Працяг будзе. Далей я апавяду пра наступную частку паходу, дзе мы ўзняліся на горы чатырохтысячнікі, перайшоўшы перш праз цясніну і перавал Tizi n`Ouanoums (3664 м)

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя