Высокі Атлас. Трэцяя частка



Для падыходу да вяршынь вышэйшых за чатыры тысячы метраў над роўнем мора нашая беларуская дружына накіравалася да перавалу Tizi n`Ouanoums (3664 м). Пераход праз перавал заняў большую частку дня. Уздым трываў па цясьніне, па якой спадала чысцюткая горная рэчка з вадаспадамі, якая папітвалася снегам з вяршынь і падгорных крыніц.

Ад перавалу мелі спуск на колькі соткаў па крушнях і снезе. Адной з нашых каляжанак не ўдалося ўберагчы дрыны: яны зламаліся. Фоты на спуску, а таксама з кемпінгу, які носіць назву аднайменнай гары – Тубкаль. Выгляд кемпінгу, канечне выклікае тугу ад імя ўсіх, хто любіць ставіць турыстычныя табары на роўнай і мяккай зямлі Беларусі. Як тут не згадаць мурожных імховых дываноў нашай Беларускай зямлі, ці на скрайні выпадак сухога пясочку. Там было ўсё наадварот. Затое зоркі ў гарах! Аж дух замірае.

 

 

Альпінісцкая частка нашага паходу праходзіла на вяршыні, якія знаходзіліся непадалёк ад кемпінга. Ісці было нібыта лягчэй, бо ішлі з малымі заплечнікамі. Асноўны рыштунак пакінуўшы ў кемпінгу. Першым уздымам была двухгорбая гара Ouanoukrim (4089 m). Цікавы ўздым, дзе спалучаліся розныя паверхні: сьнежная і гарыстая (скалы і сыпучая горная парода). Тут, на адным з перавалаў быў цудоўны від ад цясніны і да пустэльні Сахары. Тут залунаў наш Бел-чырвона-белы сцяг!

На шчыце гары мы паабедалі, і пайшлі да другога гарба гэтага чатырохтысячніка. Адчуванні па-за 4000 метраў розныя. Хто адчувае сябе, як і раней, у кагосьці арганізм рэагуе з дыскамфортам. Пад-час пераходу, лазання мы рызыкнулі прайсці малы адрэзак вузкай цясніны, які ў слэнгу горнага турызмув называецца „ліфтам”. Гэта рухавая горная парода рознай велічыні падмочаная снежна-воднай масай. Тут ісці трэба вельмі асцярожна. Некаторым з нашае дружыны давялося там паказытаць нервы, некантралюема зехаўшы некалькі метраў долу.

І на вышыні чатыры тысячы метраў ёсць жыццё.

Уздым на найвышэйшую гару Ібэль Тубкаль (4167 м) мы пачалі пры добрым, сонечным ранку. Да гэтай гары ідзе некалькі шляхоў і ён вельмі абжыты турыстамі, ў адрозненне ад папярэдняй гары, пра якую я напісаў. Частка турыстаў выбіраліся з кошкамі і ледарубамі, выбіраючы снежны шлях. Што да нашае дружыны, то выбіралі магчымасці дайсці да вяршыні па бясснежнай, горнай пародзе. Апошняе фота гары Тубкаль з іншага чатырохтысячніка Уаноўкрыма.

Запланаваны спуск і пераход на іншае месца не аказаўся такім лёгкім. Раптам набеглі хмары і двума слаямі зацягнулі гару з долу. Пачаліся снегапад, які суправаджаўся перуном. Знайшоўшы спуск, кожны да кемпінгу вяртаўся самастойна. Мне дык закарцела апошнія 200-250 метраў спусціцца „глісірам” – спуск на нагах і пятай кропцы па снезе.

З кемпінгу нам таксама не ўдалося зняцца. Завея цягнулася да ночы, а зранку нашыя намёты яшчэ былі пад уражаннямі ад вясновага дзівацтва Вясокага Атласу. Ежу гатавалі ў намёце.

І ўсё ж нягода зыходзіць. На яе месца прыйшло сонейка. Наступнага дня мя пачалі спускацца да мясцінаў, абжытых людзьмі.

Наступную частку фотарэпартажу я распавяду вам пра Маракеш, адну са сталіц каралеўства Марока. Горад, ад якога паходзіць назва дзяржавы. Які славіцца сваімі аб’ектамі і кірмашом.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя