Выспа Руген (Руян) вачыма беларуса
Гэтую выспу немцы называюць „перлінай Балтыкі”, і гэта найбуйнейшая выспа Нямеччыны. Уваходзіць у склад зямлі Макленбург-Пярэдняя Памеранія. Насельніцтва складае 74 тысячы чалавек. Руген, паводле гісторыкаў, была апошняй лініяй абароны славянаў-паганцаў ад наступу хрысціянаў-заваёўнікаў з Памор’я. Меркавана Руген паў у 1186 годзе ад войскаў Казімера Дымінскага, які разам з братам Багуславам захапіў і разрабаваў легендарныя скарбы храма Свентавіта ў Арконе. Ёсць і іншае меркаванне, што заваяваў яго з вялікімі стратамі ўласнага войска дацкі кароль Вальдэмар І.
Зелін дае шмат глебы для думаючага турыста, а таксама для турыста, які хоча адпачнуць і назапасіць унутранай сілы. Святая Гара (месца сілы) з тлумачэннямі знакаў стыхіяў прыроды і чалавека. Увосень, 5 кастрычніка, там праходзіць адмысловы фэст.
Цікавым для адпачынку і аглядання краявіду з’яўляецца так званы „Марскі мост” – гэта прычал углыб Балтыйскага мора. Ён мае працягласць каля 400 метраў. Яго папярэднік, які быў зруйнаваны ангельскай авіяцыяй у час Другой сусветнай вайны, быў на 100 метраў даўжэйшы. Толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя дзякуючы мясцовым жыхарам Зеліна драўляны прычал аднавілі. Спусціцца да прычалу з горада можна двума шляхамі: альбо па прыступках (іх тут 85!), альбо на ліфце (карыстаюцца людзі далёка за 80 і інваліды).
Вулачкі Зеліна аздоблены вялікімі кветнікамі, скульптурамі ды фантанчыкамі, знакамі пра мінулыя падзеі.
На чыгуначнай станцыі Зелін-Усход стаіць апарат, які мусіў быў зрабіць з вашай двухеўравай манеты турыстычны жэтон з выявай Зеліна. Але ўвага! Апарат заглытвае манеты без шанцаў вярнуць і без абяцанай паслугі. Шалберы і ў Нямеччыне – шалберы…
З Зеліна ёсць цудоўная магчымасць праехаць цягніком, якому ўжо больш за сто гадоў, да паляўнічага замка Граніц (Granitz). Туды мы і скіруемся, бо гэта аб’ект, які найбольш наведваюць на выспе турысты.
Віктар Парфененка, Руген (Руян), Нямеччына, травень 2019