Выстава «Іран: гісторыя і сучаснасць»
Беларусь абавязана Ірану слуцкімі паясамі, аднак зараз не выкарыстоўвае патэнцыял мажлівых адносінаў на ўсю поўніцу.
Пра адносіны дзвюх краінаў распавёў вядоўца экскурсіі па выставе «Іран: гісторыя і сучаснасць» Павел Старчак:
– Сучасны стан адносін Рэспублікі Беларусь і Ісламскай Рэспублікі Іран знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Напэўна пакуль няма разумення паміж бакамі. У першую чаргу гэта звязана з праблемамі як раз у турызме. Бо іранцам усё такі не адмянілі візы. Калі канкрэтна пра нафту, то мне здаецца, што іранцы гатовыя дзяліцца з намі нафтай. Праблема толькі ў транспартыроўкі. Трэба дамаўляцца, як яе везці.
Падчас экскурсіі, якая адбылася ў сценах сталічнай галерэі Універсітэта культуры, прысутныя даведаліся пра асаблівасці Ірана, яго падабенстве і адрозненнях ад Беларусі, устойлівых стэрэатыпах пра гэтую дзяржаву.
– Там вельмі добрыя адносіны да турыстаў, да замежнікаў. Вас ніхто не будзе караць, усе разумеюць, што вы замежнік, што вы штосьці можаце не ведаць у культуры, у рэлігіі. Краіна даволі цікавая. Яна багатая культурнымі і гістарычнымі помнікамі. Еўрапейцы ўжо гэта разумеюць і іх там даволі шмат. Спадзяюся, што і беларусы неўзабаве таксама добра ацэняць гэтую краіну.
Выставы «Іран: гісторыя і сучаснасць» адбываецца з нагоды 41-й гадавіны Перамогі Ісламскай рэвалюцыі ў Іране.
Беларускае Радыё Рацыя