Як Вільня стала Летувіскай? Малавядомыя факты 1939-1940-ых гадоў




Пасля падпісання пакту Гітлера-Сталіна ў 1939 годзе гэтыя два дыктатары раздзялілі Цэнтральную і Усходнюю Еўропу.

Паводле папярэдняга варыянту пагаднення, у савецкую зону ўплыву апрача іншых тэрыторыяў мусілі патрапіць толькі Латвія і Эстонія, тым часам як Летува была аддадзеная Трэцяму Рэйху. Пэўныя карэкцыі ўнёс пачатак Другой сусветнай вайны, і… (без)дзейнасць самой Летувы.

Падбухторванне Летувы Трэцім Рэйхам

9 верасня 1939 года міністр замежных справаў Нямеччыны праз нямецкага пасла ў Коўне Эрыха Цэхліна запрапанаваў летувісам, каб яны самы сілай забралі Віленшчыну ў Польшчы. Каб заахвоціць летувісаў, немцы дзяліліся выведнай інфармацыяй пра польскія збройныя сілы, што заставаліся ў краі. З пададзеных імі дакументаў было ясна, што на Віленшчыне Польшча не мае збройных сілаў, якія б маглі сур’ёзна супрацьстаяць паходу летувіскага войска на Вільню.

І ўсё ж летувісы на такія шматразовыя заахвочванні Нямеччыны не паддаваліся. Расчараванае іхнай бяздзейнасцю, 16 верасня Міністэрства замежных справаў Нямеччыны дало загад паслу ў Коўне „пакінуць тэму Вільні”, а праз 12 дзён аддала Летуву ў савецкую зону ўплыву, атрымаўшы за гэта немалы кавалак ужо заваяванай Польшчы.

Пасля ўварвання савецкіх войскаў

Рэалізоўваючы дамовы сакрэтных пратаколаў пакту, 19 верасня 1939 года ў Вільню ў сваю чаргу ўвайшлі ўжо савецкія войскі, утварылася Віленская вобласць. 22 верасня па-беларуску пачала выходзіць газета „Віленская праўда”, таксама ў Вільні размясцілася рэдакцыя галоўнай савецкай газеты для „Заходняй Беларусі” – „Свабодная Беларусь”. На Лукіскім пляцы адбыўся мітынг, у рэзалюцыі якога гаварылася, што працоўныя Вільні галасуюць за ўваходжанне ў склад Беларускае ССР.

Але пасля таемнага пераразмеркавання зонаў уплыву паміж Трэцім Райхам і СССР (28 верасня 1939 году) 10 кастрычніка 1939 року адбылося падпісанне савецка-летувіскай дамовы аб перадачы Летуве Вільні і Віленскай вобласці. У БССР дамова не публікавалася да 1 лістапада. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Летувы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дамовы Ангельшчына ды Францыя.

Угода СССР з Летувай: Незалежнасць узамен за Віленшчыну

27 кастрычніка 1939 году летувіскія войскі ўвайшлі ў Вільню, а 28 кастрычніка адбылася афіцыйная цырымонія сустрэчы летувіскіх войскаў. У снежні 1939 року прэм’ер-міністар Летувы заявіў, што „Вільня і Віленскі край хоць ускосна, заваяваныя нашай арміяй”. Тым часам узамен за далучэнне Вільні летувісы пагадзіліся размясціць у сваёй краіне савецкія вайсковыя базы. 3 жніўня 1940 года па ўльтыматуме СССР Летува без збройнага супраціву ўвайшла ў яго склад, а Вільня сталася такім чынам сталіцай Летувіскае ССР.

Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя