Як выглядае сітуацыя з каронавірусам у Швецыі?
Як выглядае сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй у Швецыі? Наколькі добра працуе сістэма аховы здароўя? Якія меры бяспекі найбольш эфектыўныя?
На гэтыя пытанні адказала Марына Бялеста Вілхельм, якая працуе медсястрой у Швецыі:
– Асаблівасць нашага рэгіёна ў тым, што мы жывем далёка адзін ад аднаго і нас не вельмі многа ў гэтым рэгіёне. Рэгіён дастаткова вялікі, таму калі параўноўваць з іншымі рэгіёнамі Швецыі, то розніца ў распаўсюджванні каронавіруса вялікая.
РР: Як выглядае сітуацыя з каронавірусам?
– Мы трымаемся на дастаткова нізкім узроўні, я не магу назваць канкрэтную лічбу хворых у нашым рэгіёне, але гэта не больш за 100. Нагадваем мыць рукі 30-ць секунд абавязкова, асабліва калі чалавек быў недзе ў горадзе. Таксама мы прапаноўваем трымаць сацыяльную дыстанцыю – гэта два метры. Можна сустракацца, але размаўляць на адлегласці. Таксама мы прапаноўваем бываць на свежым паветры. Таксама ўсё яшчэ забаронена наведваць паліклінікі і дамы састарэлых, туды пускаюць людзей толькі ў сур’ёзных выпадках. Перад паліклінікамі і бальніцамі выстаўлены пасты, якія правяраюць наведнікаў.
РР: Як вы ацэньваеце сістэму аховы здароўя Швецыі?
– Я не магу даць сапраўдную ацэнку ўсяму, што адбываецца, але магу сказаць, што зараз мы бачым спад гэтай хваробы. Эпідэмія развіваецца не так хутка, пацыентаў паспяваюць прымаць і даць ім магчымасць вылечыцца. Ёсць смяротныя выпадкі нават маладых людзей, але гэта сітуацыі, калі каронавірус паражае імунную сістэму, але гэта адзіночныя выпадкі. Калі казаць пра ўсю Швецыю, то ў густанаселеных рэгіёнах, напрыклад у Стакгольме, ёсць непрыемныя выпадкі, калі вірус пранікаў у дамы састарэлых і людзі паміралі.
РР: Вы працуеце ў шпіталі. Як на вас паўплывала каронавірусная інфекцыя?
– Я не магу сказаць, што гэта ўсё перавярнула з ног на галаву, але мы канешне працуем у больш напружаных умовах, чым звычайна. Мы час ад часу абслугоўваем пацыентаў, якія прыходзяць да нас без сімптомаў, але ў аддзяленні выяўляецца, што яны з’яўляюцца, напрыклад тэмпература ці кашаль без вядомай прычыны. Тады мы павінны ўзяць аналіз на каронавірус. З’яўляецца крыху больш працы, бо мы павінны адзяваць спецыяльныя маскі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Марына Бялеста Вілхельм кажа, што пакуль не ведае ці шведская стратэгія ў барацьбе з COVID-19 можа стаць прыкладам для іншых краінаў. Гэта будзе бачна толькі пасля завяршэння эпідэміі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота afp.com