Якую суму грошай можна вывозіць з Літвы?
У сакавіку Літва забараніла вывозіць у Беларусь больш за 60 еўра гатоўкай.

Пасля гэтага мытнікі суседняй краіны сталі правяраць, ці не перавышаюць вандроўцы гэты ліміт. Аднак зараз стала вядома, што па абмежаваннях увялі паслабленні: ліміт можа быць перавышаны, калі чалавек увозіць у Беларусь еўра для асабістых патрэб. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Мытнай службе Літвы.
Нагадаем, 18 сакавіка стала вядома, што Літва ўвяла абмежаванні – 60 еўра на вываз наяўных еўра ў Беларусь і Расею. Як паведамлялася, гэтыя ліміты тычацца ў тым ліку наяўных для асабістых патрэб.
„Колькасць наяўных грошай у іншай валюце не абмежавана”, – тлумачылі ў мытні. Удакладнялася, што абмежаванні не датычаць дыппрадстаўніцтваў і міжнародных арганізацый у Беларусі або Расеі, якія карыстаюцца імунітэтамі ў адпаведнасці з міжнародным правам.
