Ялінкі і святочныя ўпрыгожванні Вільні



У снежні, і нават напрыканцы лістапада, у сталіцы Літвы ўстанаўліваюць ялінкі, упрыгожваюць гандлёвыя цэнтры і іншыя грамадскія месцы.

Вільня вядомая сваімі крэатыўнымі і запамінальнымі ялінкамі. Штогод жыхары і госці горада чакаюць, якая ж ялінка будзе сёлета, чым здзівяць на гэты раз дызайнеры.

Сёлета галоўная ялінка, можа, і не так уражвае, як у папярэднія гады, да таго ж яна падобная да мінулагодняй, але не саступае ў прыгажосці галоўным ялінкам суседзяў – Латвіі, Польшчы, Расеі, Эстоніі і г.д.

Кавярні, рэстарацыі, гатэлі, гандлёвыя аб’екты штогод таксама стараюцца здзіўляць мінакоў новымі цудоўнымі ідэямі ўпрыгожвання. Таму па вулачках Вільні, асабліва старога горада, можна ў снежні гуляць бясконца, як у дзень, так і ўначы, любуючыся калядным дэкорам і новым крэатывам.

Але не толькі святочны дэкор матывуе зайсці ў крамы, кавярні, іншыя гандлёвыя кропкі і набыць падарункі або ўтульна бавіць там час. Спрыяюць гэтаму і пахі, і агульны перадсвяточны настрой. На вуліцах адчуваецца пах глінтвейна, які асацыюецца менавіта з Калядамі і Новым годам.

У цэнтры літоўскай сталіцы праходзяць святочныя кірмашы, якія прыцягваюць мінакоў пахамі іншых страў і разнастайнасцю тавараў. Там таксама можна набыць смачныя прысмакі і святочныя сувеніры для сваіх каханых, родных і блізкіх.

Беларускае Радыё Рацыя