З 14 лютага пачнуцца авіярэйсы з Санкт-Пецярбурга ў Менск



Авіякампанія „Расія” пачынае выконваць рэгулярныя рэйсы з Санкт-Пецярбурга ў Менск.

Як паведамляе прэс-служба авіякампаніі, палёты будуць ажыццяўляцца адзін раз у тыдзень па нядзелях. Першы рэйс з базавага для авіякампаніі аэрапорта Пулкава ў Менск адбудзецца 14 лютага. Да перавозкі будуць прымацца тыя катэгорыі пасажыраў, каму дазволены пералёт ва ўмовах дзейных эпідэміялагічных абмежаванняў.

Згодна з раскладам, вылет рэйса SU6459 з аэрапорта Пулкава запланаваны на 10.00, прылёт у Менск — у 11.55. Зваротны рэйс SU6460 з Менска ў 12.55, прыбыццё ў аэрапорт Пулкава ў 14.35 (час мясцовы для кожнага аэрапорта). Палёты будуць ажыццяўляцца на паветраных суднах Airbus A319. Квіткі ўжо паступілі ў продаж.

Авіякампанія нагадвае, што пасажыры, канцавым пунктам падарожжа якіх з’яўляецца Беларусь, загадзя павінны запоўніць Самадэкларацыю пасажыра аб стане здароўя ў сувязі з COVID-19 для мэт аховы здароўя. Пасажыры павінны мець адмоўны вынік лабараторнага даследавання на COVID-19, зроблены метадам ПЛР не раней чым за 72 гадзіны да даты перасячэння мяжы Беларусі.

Авіякампанія „Расія” ўваходзіць у групу „Аэрафлот”. Эксплуатуе самалёты замежнай вытворчасці сямейства Airbus A320, Boeing 737, Boeing 777, Boeing 747, а таксама самалёты расейскай вытворчасці Superjet 100.

belapan.by