З 30 красавіка пусцяць хуткасныя цягнікі ў дзённых зносінах Менск – Масква



З 15 красавіка адкрыты продаж білетаў на хуткасныя цягнікі ў дзённых зносінах Менск — Масква, паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі.

З 30 красавіка 2021 года стартуе новы сумесны праект ААТ «РЖД» і Беларускай чыгункі па арганізацыі дзённых скорасных пасажырскіх зносін паміж сталіцамі Беларусі і Расеі.

У штодзённыя зносіны назначаны дзве пары новых скорасных міжнародных цягнікоў нумар 717/722 і нумар 721/718 Масква — Менск — Масква фарміравання ААТ «РЖД». Час у дарозе складзе менш за 7 гадзін. У першы рэйс з Менска і Масквы паязды адправяцца 30 красавіка ў 16.00.

Кошт праезду па маршруце Менск — Масква, а таксама ў зваротным напрамку на месцах бізнес-класа складае Br136,14. У пералік дадатковых сэрвісаў для пасажыраў названага класа ўваходзіць рацыён гарантаванага харчавання (халодныя закускі, гарачыя стравы, кандытарскія вырабы і напіткі), дарожны набор, камплект друкаванай прадукцыі.

Кошт праезду па маршруце Менск — Масква, а таксама ў зваротным напрамку ў вагоне нумар 1 (базавы клас) складае Br49,38 і ў вагонах нумар 2-5 (эканамічны клас) — Br50,21. Дадатковай паслугай для пасажыраў вагонаў нумар 2-5 з’яўляецца доступ да мультымедыйнага партала «Спадарожнік», плата за які ўключана ў цану білета. Інфармацыйна-забаўляльная сістэма змяшчае відэакантэнт, друкаваныя выданні, аўдыёкнігі і музычныя творы.

У БЧ звяртаюць увагу, што ажыццяўленне праезду названымі цягнікамі прадугледжана толькі для грамадзян Беларусі і Расеі.

У прэс-цэнтры нагадваюць, што грамадзяне Беларусі пры ўездзе на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі абавязаны мець даведку аб абследаванні на каранавірусную інфекцыю COVID-19 з адмоўным вынікам лабараторнага абследавання метадам ПЛР, выдадзеную не пазней як за тры дні да даты пачатку паездкі. Выключэнне складаюць дзеці ва ўзросце да 5 гадоў (пры наяўнасці даведкі ў асоб, якія іх суправаджаюць), члены ўрадавых дэлегацый дзяржавы — члена ЕАЭС пры вяртанні ў краіну грамадзянства, члены лакаматыўных брыгад і асобы, звязаныя з перавозачнай дзейнасцю на чыгуначным транспарце.

Пры руху ў Беларусь замежныя грамадзяне, якія дасягнулі шасцігадовага ўзросту, за выключэннем тых, хто мае дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Беларусі, таксама павінны мець названы вышэй медыцынскі дакумент.

zviazda.by