З гісторыі вуліцы Караткевіча (пачатак 60-ых)
Пра вуліцу імя Уладзіміра Караткевіча ў Воршы, на той час Касманаўтаў, – пачатак 60-ых распавядае Людміла Бязручка, мая родная цётка.
Вуліца Караткевіча, рэшткі піўзавода, фота – ліпень 2018.
Аповед тычыцца часткі вуліцы ад перакрыжавання з вуліцай Марата да Леніна, і ад Леніна да схіла да Дняпра. Пра частку вуліцы, якая на схіле, асобны аповед.
Перакрыжаванне з вуліцай Марата, фота – ліпень 2018.
Дом бацькоў Караткевіча, фота – ліпень 2018.
Цяпер на верхняй частцы вуліцы Караткевіча ў Воршы захаваліся толькі тры старыя прыватныя дамы – №10 (дом Караткевіча), №8 і №6 (дом, у якім ніхто не жыве). На схілі да Дняпра – чатыры прыватныя дамы.
Дом №8, які разам з домам бацькоў Караткевіча набыў бізнесмен Балабін, фота – люты 2019.
Людміла Бязручка: “Напачатку 60-ых на нашай вуліцы было шмат настаўнікаў. Вуліца настаўнікаў. На рагу вуліц Марата і цяперашней Караткевіча месціўся маленькі дамок, у якім жыла сталага ўзросту жанчына – Саковіч, былая настаўніца. Памятаю, да яе яшчэ ўнучкі прыязджалі. Пасля ішоў дом Караткевіча, з гэтага дому я памятаю яго маладую пляменніцу, якую ўсе звалі Ляля. А пасля ішоў дом, які цяпер купіў разам з домам Караткевіча прадпрымальнік з “Пятага элемента”. Там жыла сям’я Беразы, гэта быў медык – мамін калега, ён таксама ў санстанцы працаваў. У яго была жонка і дачка, якая недзе жыла ў Маскве, і каля Бераза памёр, жонка пераехала да дачкі. Наступны дом быў цётак Эдзіка Алейнікава – майго аднакласніка. А за іх домам быў дамок Званкоўскіх – муж і жонка. У іх быў вельмі добры кветнік. Тады мала ў каго быў добры кветнік, а ў іх былі цюльпаны, нарцысы, бэз, вядома, быў. І найбольш яны ганарыліся жоўтымі цюльпанамі. Гэтая сям’я мяне цікавіла, яны вылучаліся на фоне іншых, былі вельмі інтэлігентныя людзі. Ужо не працавалі і ён, і яна. І выглядалі яны неяк інакш – вельмі культурныя. А за іх дома далей ішоў піўзавод. Піўзавод і знёс іх дом. Піўзавод планаваў пашырацца, а потым так і не пашырыўся. Планавалі спачатку ўсю верхнюю частку вуліцы зносіць, але спыніліся на дамку Званкоўскіх”.
Тут стаяў дамок Званкоўскіх, фота – ліпень 2018.
Людміла Бязручка: “А калі перайсці на другі бок ад піўзавода, дзе да апошняга часу захоўваліся вялікія тоўстыя бярозы, якія ўжо спілавалі. І быў там куст бэзу, які таксама доўга знішчалі і вынішчылі. Гэтыя бярозы раслі каля дома Лосева. Лосеў быў настаўнік матэматыкі, карэнні ў яго былі з Дуброўна. Жонка ў яго памерала, засталіся дзве дачкі. Адна з іх скончыла жыццё самагубствам, яна вучылася ці то ў Маскве ці то ў Ленінградзе, была вельмі модная і прыгожая дзяўчына. Пасля Лосевых жылі Спадабаевы. Ён быў настаўнікам біялогіі ў сёмай школе. У яго ў доме быў асобны пакой увесь у кветках. У іх была вялікая сям’я – сем дзяцей. Маці ў іх таксама мела настаўніцкую адукацыю, але не працавала. Карову яны трымалі, пасвілі на беразе. Пра карову быў артыкул у газеце “Ленінскі прызыў”, што “па беразе Дняпра ходзіць безнадзорная жывёліна”, у нейкага мужчыны яна зжавала адзенне. За домам Спадабаевых быў дом рудой Алачкі, у яе было шмат коз”.
Тут былі дамы Лосевых і Спадабаевых, фота – ліпень 2018.
Тут быў барак, фота – ліпень 2018
Людміла Бязручка: „Наступны дом згадваю, як у сне. Там жылі ці то Бакуновічы ці то Бакуневічы. І быў яшчэ домок у глыбіні, ад яго на тэрыторыі радзільнага дома засталіся яблыні, там жыла жанчына з сынам. Потым пусташ. Потым барак. А стайні каля стадыёна былі ў выглядзе руінаў – каробка цагляная стаяла. З гары ішоў дом Ральцэвічаў”.
Паліна Качаткова, Беларускае Радыё Рацыя