З пачатку года больш за 9 тысяч беларусаў наведалі Грузію
З пачатку года больш за дзевяць тысяч беларускіх турыстаў наведалі Грузію. Пра гэта паведаміў амбасадар Валерый Кварацхелія 22 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Магчымасцяў для турызму вельмі шмат, — сказаў ён. — Грузінскія турысты таксама пачалі прыязджаць у Беларусь. Пакуль гэта ў асноўным паляўнічыя, але, спадзяюся, і іншыя падцягнуцца”.
Кварацхелія адзначыў, што пакуль застаюцца дарагімі авіябілеты з Менска ў Тбілісі і Батумі. Паводле слоў амбасадара, ён некалькі разоў сустракаўся з кіраўніцтвам авіякампаніі „Белавія” для абмеркавання гэтага пытання.
„Мы абмяркоўвалі, каб квіткі сталі таннейшымі. Пакуль не атрымліваецца, але мы не губляем надзею, — сказаў ён. — У найбліжэйшы час, напэўна, дадасца авіярэйс у Кутаісі. Гэта бліжэй да Батумі, турыстам будзе зручней. У нас ёсць і прамы рэйс да Батумі, але яго ў сезон не хапае”.
Паводле слоў дыпламата, абмяркоўваецца таксама магчымасць арганізацыі прамога рэйса Берасце — Батумі. „Пра гэта просяць берасцейскія турфірмы”, — адзначыў Кварацхелія.
