З “Pekarem” па Беларусі
У “Цікавую маёвую паездку з “Pekarem” па Беларусі” рушылі палякі з горада Вроцлава. Гэтую паездку па некалькіх беларускіх гарадах арганізваў для іх Пётр Карвэцкі.
Былы бізнэсмэн некалькі год таму прадаў свой бізнэс і зараз арганізуе аўтакруізы на джыпах па розных краінах. Ён разам са сваімі сябрамі і кліентамі наведаў ужо шмат розных краін на ўсіх кантынентах. Але, як прызнаецца Пётр, для яго Беларусь – самая ўлюбёная краіна, бо адсюль, з Мядзельшчыны, яго продкі.
Па словах Пятра Карвэцкага, канцэпцыя іх выезду ў Беларусь – пазнавальная. Яны імкнуцца наведваць не толькі вядомыя беларускія гарады і ўнікальныя гістарычныя будынкі, але і спазнаваць правінцыю з яе падворкамі, вёскамі, азёрамі ды лясамі.
– Гэты маршрут – мой аўтарскі. Сам над ім працаваў. І ўжо які раз праводжу па ім польскіх турыстаў. Гэтым разам маю групу з 14-ці чалавек – асобная сям’я. Даязджаем да розных цікавых месцаў, напрыклад, да Глыбокага, ці Мосару. А раней да Смаргоняў, да палацу Агінскіх у Залессі, да месцаў, якія звязаныя з польскай культурай, напрыклад, з Адамам Міцкевічам.
Як кажа Пётр Карвэцкі, некаторыя людзі з Захаду яшчэ баяцца ехаць у Беларусь па розных прычынах. Але тым, хто вырашаецца, ён дапамае ва ўсім, пачынаючы ад афармлення дакументаў на візу і заканчваючы рознымі турыстычнымі парадамі.
Паводле Пятра Карвэцкага, для яго галоўнае, каб людзі ў паездках не толькі спазнавалі новыя гістарычныя мясціны, але і наладжвалі сяброўства. Як прызнаецца Пётр, некаторыя з іх нават потым дапамаюць яму ў распрацоўцы новых маршрутаў.
Таццяна Смоткіна