За апошнія два гады беларусам выдадзена каля 650 тысяч шэнгенскіх віз
З верасня 2020 года па травень 2022-га беларусам было выдадзена каля 650 тысяч шэнгенскіх віз. З іх 340 тысяч віз выдала Польшча, прыкладна 310 тысяч — іншыя краіны Еўразвязу.
Акрамя шэнгенскіх, цягам двух апошніх гадоў беларусы атрымлівалі гуманітарныя візы, і мелі магчымасць пераехаць у Польшчу па праграме Poland Business Harbour, створанай для рэлакацыі ІТ-бізнесаў і ІТ-спецыялістаў. Па ёй візы атрымалі 40 тысяч беларусаў — гэта прадпрымальнікі і іх сем’і. Каля 35 тысяч грамадзянаў Беларусі атрымалі гуманітарныя візы. Статыстыка таго, колькі беларусаў за гэты час атрымалі карту паляка, не паведамляецца.
Не ўсе, хто атрымаў візы, імі скарысталіся. Улады таксама не агучваюць статыстыку, колькі беларусаў за апошнія два гады пакінулі краіну. Акрамя краін шэнгенскай зоны нашы суайчыннікі за гэты час з’ехалі ў Грузію, Казахстан, Турцыю, Арменію, Чарнагорыю, Кыргызстан. Дзясяткі тысяч беларусаў прыняла Украіна. Цяпер многія з іх аказаліся двойчы бежанцамі.
Беларускае Радыё Рацыя