За мяжой знаходзіцца больш за 1 200 беларускіх турыстаў
За мяжой знаходзяцца 1.237 грамадзян Беларусі, якія заключылі дагаворы аб аказанні турыстычных паслуг. Самая складаная сітуацыя — з турыстамі, якія адпачываюць у Індыі (штат Гоа) і Шры-Ланцы, паведаміла вечарам 24 сакавіка прэс-служба Міністэрства спорту і турызму.
„Тым не менш пэўных вынікаў ужо ўдалося дасягнуць, — адзначаецца ў рэлізе. — Згодна з дамоўленасцю з украінскім бокам сёння рэйсам Каломба — Кіеў авіякампаніі SkyUp ва ўкраінскую сталіцу вылецелі 8 грамадзян Беларусі. Плануецца, што ў 00.25 самалёт прызямліцца ў Кіеве, пасля чаго нашы суайчыннікі, пакінуўшы Украіну, змогуць дабрацца да Беларусі”.
Акрамя таго, сёння ноччу з Егіпта павінны прыляцець 162 чалавекі. Графік вяртання з гэтай краіны „цалкам выконваецца”.
„Дзесяць дзён таму за межамі Беларусі знаходзілася прыблізна 8 тысяч беларускіх турыстаў. Дзякуючы сумесным намаганням Мінспорту і турызму, МЗС, Міністэрства транспарту і камунікацый, турыстычных кампаній, пастаянным кантактам з расійскім бокам удалося вярнуць на радзіму большасць нашых грамадзян”, — адзначаецца ў паведамленні.
Раней сёння начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Анатоль Глаз паведаміў, што „разнапланавае садзейнічанне ў розных фарматах аказанае ўжо больш як 3 900 нашым суайчыннікам, якія ў сувязі з абмежавальнымі мерамі з-за распаўсюджвання віруснай інфекцыі COVID-19 зведалі цяжкасці з вяртаннем на радзіму”.
У сувязі з адменай шэрагам краін міжнародных авіязносін павялічылася колькасць зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Інданезіі, Іспаніі (Тэнерыфе), Новай Зеландыі, ЗША, на Сейшэльскіх астравах, заўважыў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.
„У сістэмным парадку” ідзе адпраўка шматлікіх беларускіх грамадзян з Егіпта, куды запланаваныя спецыяльныя чартарныя рэйсы „Белавія”. Разам з тым „пэўныя цяжкасці” ўзнікаюць з вылетам з Егіпта суайчыннікаў, якія знаходзяцца там не ў складзе арганізаваных турыстычных груп. Аднак „такія пытанні таксама паступова ўдаецца вырашаць”.
„Паводле вынікаў цеснай сумеснай працы” атрыманыя запэўненні Расіі аб накіраванні яе авіякампаніямі 24 і 25 сакавіка асобных чартарных рэйсаў на Гоа і ў Дэлі ў мэтах дастаўкі ў Маскву грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца там па лініі расійскіх турыстычных аператараў, заявіў Глаз.