За мяжу выязджала больш за 980 тысяч арганізаваных турыстаў
У 2019 годзе за мяжу з Беларусі выязджала 982,9 тыс. арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, або на 15,5% больш, чым годам раней, паведамляе Белстат. У 2018 годзе гэты паказчык склаў 850,7 тыс. (+17% у параўнанні з 2017-м).
Летась найбольш наведвалі такія краіны, як Егіпет, Турцыя, Украіна, Расея, Балгарыя, Іспанія, Грэцыя, Польшча, Туніс, Літва, Чарнагорыя і Грузія. На долю гэтых краін прыпала 85,5% агульнага ліку арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія выехалі за мяжу.
У 2019 годзе колькасць арганізаваных турыстаў унутры краіны склала 72,4 тыс., экскурсантаў – 1 млн 34,5 тыс.
Свае паслугі аказвалі 597 гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння. У 2019 годзе імі скарысталася 2 млн 81 тыс. чалавек (53,6% – замежныя грамадзяне, у тым ліку з краін СНД – 36,3%).
Летась працавалі 492 санаторна-курортныя, аздараўленчыя арганізацыі і іншыя спецыялізаваныя сродкі размяшчэння, з іх 76 санаторыяў. Іх паслугамі скарысталася 869,4 тыс. чалавек, у тым ліку 241,8 тыс. іншаземцаў (27,8%).
Згодна са звесткамі Міністэрства па падатках і зборах, у 2019 годзе ажыццяўлялі дзейнасць 2.760 суб’ектаў аграэкатурызму. Колькасць турыстаў, якія скарысталіся іх паслугамі, у 2019 годзе склала 514,8 тыс. (90,5% – грамадзяне Беларусі).
Колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі Беларусь у 2019 годзе, склала 405,5 тыс. (на 11% больш, чым у 2018 годзе). Найбольшая колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў прыбылі з Расеі (53,7%).
Сярод жыхароў іншых краін лідарамі па колькасці наведванняў Беларусі былі жыхары Літвы, Польшчы, Латвіі, Кітая, Германіі, Украіны, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў.
Сярэдняя працягласць знаходжання ў Беларусі замежных турыстаў у 2019 годзе склала чатыры дні.