За што і якія штрафы можна атрымаць падчас вандровак па Беларусі
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае аб правілах адпачынку ў лясах і каля вадаёмаў, паведаміла прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Меляшкова.
Пры адпачынку на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (нацыянальны парк, заказнік, запаведнік) неабходна выконваць іх рэжым аховы і выкарыстання. За парушэнне рэжыму накладаецца штраф у памеры ад 4 да 35 базавых велічынь (1 БВ – Br24,5). Аб рэжыме аховы і выкарыстання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый можна даведацца на іх афіцыйных сайтах у інтэрнэце, інфармацыйных знаках.
Міністэрства рэкамендуе адпачываць у спецыяльна абсталяваных зонах і мясцінах, каб пазбегнуць нанясення шкоды навакольнаму асяроддзю. Паркавацца трэба ў прызначаным для гэтага месцы або не бліжэй за 30 м ад берагавой лініі. Мыццё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў у межах водаахоўных зон не дапускаецца. За парушэнні правіл стаянкі і мыцця транспарту накладаецца штраф у памеры да 10 базавых велічынь.
Забараняецца пашкоджваць жывое наглебавае покрыва, напрыклад пратэктарамі шын аўтатранспартных сродкаў. Незаконны збор і (або) знішчэнне ляснога падсцілу, жывога наглебавага покрыва, зняцце (знішчэнне) урадлівага пласта глебы, уключаючы падсцілачныя пароды, на плошчы больш за 3 кв.м вядзе да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 20 БВ.
Мінпрыроды таксама нагадвае, што за развядзенне вогнішча ў забароненых месцах можна атрымаць папярэджанне або штраф у памеры да 12 БВ, за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках – папярэджанне або штраф да 50 БВ, незаконную высечку, выдаленне, пашкоджанне або знішчэнне драўнінна-хмызняковай і іншай расліннасці – штраф да 50 БВ. „Раскладайце вогнішча па правілах, а лепш выкарыстоўвайце мангал або жароўню. Не высякайце і не знішчайце драўнінна-хмызняковую расліннасць: прывозьце дровы і вугаль з сабой”, – рэкамендуе Алена Меляшкова.
Самавольнае збіранне або знішчэнне чырванакніжных дзікарослых раслін і дзікіх жывёл або ўчыненне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да гібелі дзікарослых раслін, скарачэння іх колькасці або парушэння асяроддзя іх пражывання і росту, вядзе да адказнасці ў выглядзе накладання штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Незаконнае разбурэнне мурашнікаў, гнёздаў, нор або іншага жытла дзікіх жывёл, збор яек, лічынак і кукалак мурашак, яек птушак або здабыча дзікіх жывёл, якія знаходзяцца ў бядотным становішчы, вядзе да накладання штрафу ў памеры да 30 БВ.
Акрамя таго, Мінпрыроды нагадвае аб неабходнасці прыбіраць за сабой смецце. Парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі прыводзіць да папярэджання або накладання штрафу ў памеры ад 5 да 50 БВ.