Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ўжо ў 52 раёнах Беларусі
Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ўжо ў 52 раёнах Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на інтэрактыўнай карце забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў Міністэрства лясной гаспадаркі.
Па стане на раніцу 10 красавіка забарона дзейнічае ўжо ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. У Берасцейскай вобласці — у Баранавіцкім, Драгічынскім, Жабінкаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Лунінецкім, Маларыцкім, Пінскім, Пружанскім, Столінскім і Берасцейскім раёнах. У Менскай — у Дзяржынскім, Менскім, Салігорскім, Стаўбцоўскім раёнах. У Гарадзенскай — у Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Воранаўскім, Гродзенскім, Дзятлаўскім, Іўеўскім, Лідскім, Мастоўскім, Астравецкім, Ашмянскім, Свіслацкім, Смаргонскім і Шчучынскім раёнах. У Магілёўскай вобласці — у Магілёўскім раёне.
Першыя забароны былі ўведзеныя ў пачатку гэтага тыдня на тэрыторыі Мазырскага (Гомельская вобласць) і Столінскага (Берасцейскай вобласць) раёнаў. 8 красавіка забароны дзейнічалі ўжо ў 15 раёнах.
Як растлумачылі БелаПАН у прэс-службе Мінлясгаса, прычына увядзення часовай забароны на наведванне лясоў — высокі клас пажарнай небяспекі. Стаіць сухое надвор’е, адсутнічаюць ападкі, пажар узнікае ад найменшай іскры.
Так, толькі за мінулыя суткі ў лясным фондзе Мінлясгаса адбыўся 31 пажар. Агульная плошча ўзгаранняў склала 200 га. З пачатку года ў лясах зафіксавана ўжо 344 узгаранні. Агульная плошча ачагоў, паводле папярэдніх дадзеных, склала 1.900 га.
„Асноўнай прычынай пажараў з’яўляецца чалавечы фактар: грамадзяне выпальваюць сухую расліннасць, у выніку парываў ветру агонь пераходзіць у лясны фонд. Акрамя таго, часта ад неабдуманых дзеянняў пашкоджваецца асабістая маёмасць насельніцтва”, — адзначыла прэс-служба.
belapan.by