Замкавая гара ў Рагачове – водападзел героя рамана Караткевіча “Леаніды не вернуцца да Зямлі”



Рагачоў – вельмі цікавы для наведвання горад. Шмат мясцін тут звязаныя з жыццём Уладзіміра Караткевіча, а таксама з творчасцю.

У Рагачове мы можам патрапіць на мяжу паміж жыццёвай рэальнасцю і праўдай вымыслу.  

Найперш варта ў Рагачове наведаць Замкавую гару, менавіта тут адбываецца драматычны эпізод, з якога пачынаецца раман Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да Зямлі” (вядомы яшчэ пад назвай “Нельга забыць”). Тут спрабуе пераправіцца праз Дняпро жонка паўстанца, якая вязе дакумент пра адмену смяротнага пакарання, але ў выніку інтрыг расейскай адміністрацыі не паспявае, спазняецца на 10 хвілін.

У раман Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да Зямлі” месца каля Замкавай гары апісанае так:

“На пяцьдзясят вёрст выгінастага рэчышча быў толькі адзін паром, вярстою вышэй ад горада. Яго нельга было аддаць у рукі паўстанцаў, якія маглі б такім чынам парушыць сувязь паміж часткамі карных войск і біць іх паасобку. 

Цьмянае ад сонца люстра ракі здавалася мёртвым. Не боўтала рыба, і шэрыя чаплі на водмелях стаялі расхрыстаныя, замораныя, падобныя на пачварных вядзьмарак, апранутых у лахманы. Толькі ластаўкі ў быстрым лёце чыркалі крыламі ваду ды недзе за бясхмарным даляглядам бурчаў нябачны пярун. Бурчаў упарта, раз-пораз.

«Будзе вераб’іная ноч», – падумаў Гораў.

Быццам адказваючы яму, адзін з салдатаў уздыхнуў:

– Залье нас сёння. Як вясной, будзем куваць на востраве.

Процілеглы бераг быў нізкі, толькі на ўзвозе, дзе стаяла хатка паромшчыка і адрына, быў высакаваты пясчаны ўзгорак, упрыгожаны дзвюма хвоямі і дзясяткам чорных вольх. Туды вада не даставала.

– Іван, – спытаў салдата Гораў,– ты тут пяты год служыш. Што, шалее ў навальніцу Дняпро?

– Рака з характарам. – Твар у салдата быў чырвоны, абліты сонцам. – У палавень залье ўсю пойму, толькі верхавіны над вадою дрыжаць. I так вёрст на сем. Несаабразнае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Тут і ў вераб’іную ноч дрэнна. Усе старыкі на пойме вадой залье… унь той клін адхопіць. Перапраўляцца нават і не думай. Канцы.

Рака таўклася ў берагі, імкнучыся вырвацца з іх. Праз пляму святла на вадзе слізгануў па хвалях дзіравы кошык, потым – цэлае дрэва, яблыня, вымытая з карэннем. Дзіўна было бачыць на яе апырсканых пенай галінах, якія круціліся, то знікаючы пад вадой, то зноў выплываючы, два-тры недаспелыя антоны. (…)

Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб’іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў,– агарнула туга.

Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону”.

Беларускае Радыё Рацыя