Заслаўскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі



Касцёл пабудавалі ў 1774 годзе на месцы драўлянага храма (вядомы з 1627 г.) як фарны па фундацыі гаспадара пасёлка падканцлера літоўскага графа Антонія Пшаздзецкага, які валодаў Заслаўем пасля Сапегаў з 1753 года.

Хто быў аўтарам касцёла дакладна не вядома, існуюць дзве версіі: хутчэй за ўсё яго мог узвесці Карла Спампані, які працаваў у Заслаўі і, у прыватнасці, узвеў для Пшаздзецкага палац. Аўтарам касцёла мог быць таксама іншы італьянскі дойлід — Паала Фантана.

З 1850 года горад Заслаўе перайшоў да Прушынскіх. Але яны за ўдзел ў антырасейскім паўстанні 1863 года былі пазбаўленыя маёмасці. Пасля паўстання касцёл быў пераабсталяваны і пераўтвораны расейскімі ўладамі ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы. Храм дзейнічаў да 1941 года.

Падчас Другой сусветнай вайны храм моцна пацярпеў. У гады савецкай улады храм быў зачынены і закінуты.

У 1988 годзе пачалі рэстаўрацыю храма, пасля чаго касцёл вярнулі вернікам.

Познебарочны храм вырашаны ў форме аднанефнага збудавання з паўкруглай апсідай і двума сакрыстыямі. У выніку перабудовы пад царкву хвалепадобны барочны шчыт быў заменены на невысокую вежу званіцу, а над асноўным аб’ёмам быў узведзены вялікі сферычны купал. Вельмі цікавае вонкавае вырашэнне касцёла: галоўны і бакавыя фасады падзелены гарызантальным поясам на два паверхі. Сцены храма дасягаюць таўшчыні 2 метраў, таму унутраны аб’ём вельмі невялікі.

Пад храмам размяшчаюцца скляпы, у якіх у 1860—1870 гадах была створана царква-крыпта.

Фота Васіля Кроквы