Заснежаны Альгерд
У старажытныя часы гарады будавалі пераважна на сутоках рэк. Як і Полацак, які пабудаваны на сутоку Палаты і Дзвіны, Віцебск пабудаваны на берагах Дзвіны пры ўтоку ў яе Віцьбы і Лучосы. Тапонім «Віцебск» утварыўся ад назвы ракі Віцьбы, на беразе якой і ўзнік горад.
Старажытны Віцебск цяжка ўявіць без князя Альгерда, сына Гедзіміна. У 1318 годзе ён ажаніўся з віцебскай княжной Марыяй, у 1320-ым пасля смерці віцебскага князя атрымаў яго княства ў спадчыну. Неўзабаве стаў і вялікім князем літоўскім. Альгерд паспяхова праводзіў палітыку аб’яднання зямель Усходняй Еўропы ў адзінай дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім. У 2014 годзе ўдзячныя віцябляне ўсталявалі ў сваім горадзе конны помнік славутаму князю.
Віцебск таксама славіцца сваімі мастацкімі традыцыямі. У 1920-я гады тут сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Юдэль Пэн, Марк Шагал, Казімір Малевіч). У гэрадзе ёсць два музеі Марка Шагала. Менавіта ў Віцебску класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча, пра што згадвае мемарыяльная дошка на будынку вучэльні.
Калі казаць яшчэ пра віцебскіх пісьменнікаў, то варта згадаць Юрку Віцьбіча, які не толькі ўзяў адпаведны літаратурны псеўданім, але і шмат зрабіў для любімага Падзвінскага краю. Варта хаця б прыгадаць, што менавіта ён дамогся ад акупацыйных нямецкіх уладаў дазволу на вяртанне ў 1943 годзе парэшткаў св. Еўфрасінні Полацкай у полацкую Спаскую царкву. І такім чынам практычна захаваў святыню.
Гэтымі днямі ў Віцебск прыходзіць зіма. І горад, які пабудаваны на ўзгорыстых берага Дзвіны, вельмі прыгожы ў снежным убранні.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Таццяны Козік