Жупраны мяняюць сваё аблічча
Пра мястэчка Жупраны, яго знакаміты Петрапаўлаўскі касцёл і месца спачыну Францішка Багушэвіча расказвалася ў нашай рубрыцы „Вандроўкі” больш чым два гады таму. За гэты час у абліччы мястэчка з’явіліся новыя рысы, адбыліся змены.
Першае, што варта адзначыць, у цэнтры Жупранаў вакол помніка Багушэвічу ідуць працы па парадкаванні дарожак, пры тым прыкметна паменела расліннасці. З-за гэтага крыху трывожна, каб навакольная тэрыторыя не пераўтварылася ў нейкае падабенства „хатыні”. Таму хочацца спадзявацца, што будуць пасаджаны новыя дрэвы і кусты.
З бясспрэчна пазітыўных зменаў варта адзначыць новую адмысловую шыльду на беларускай і ангельскай мовах, якая ўсталявана на браме мясцовых могілак і ўказвае на тое, што тут пахаваны патрыярх беларускай літаратуры.
Пракладзена і адмысловая дарожка да магілы паэта і яго блізкіх.
Ідуць землярыйныя працы вакол Петрапаўлаўскага касцёлу. Знікла бальшыня прыгожых елачак і туяў, што раслі тут наўкола. Будзем верыць, аднак, што ў выніку парадкавання прылеглай тэрыторыі праз нейкі час тут ізноў усё зазелянее.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара